Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/140

Гэта старонка не была вычытаная

— Дзякую вам, — сказаў Нехлюдаў, не адказваючы на пытанне, і вышаў.

Яшчэ не паспелі за ім зачыніць дзверы, як зноў пачуліся ўсё тыя-ж жвавыя, вясёлыя гукі, якія гэтак не падыходзілі ні да месца, у якім яны ствараліся, ні да твара мізэрнай дзяўчыны, якая гэтак упарта завучвала іх. На дварэ Нехлюдаў сустрэў маладога афіцэра, у якога тырчэлі нафарбаваныя вусы, і запытаў яго аб памочніку сматрыцеля. Гэта быў сам памочнік. Ён узяў пропуск, паглядзеў яго і сказаў, што па пропуску ў дом папярэдняга зняволення ён не асмельваецца прапусціць сюды. Ды ўжо і позна.

— Калі ласка, заўтра. Заўтра ў 10 гадзін спатканні дазваляюцца ўсім; вы прыязджайце, і сам сматрыцель будзе дома. Тады спатканне можна мець у агульнай, а калі сматрыцель дазволіць, дык і ў канторы.

Так і не дабіўшыся ў гэты дзень спаткання, Нехлюдаў пайшоў дамоў. Усхваляваны думкай убачыць яе, Нехлюдаў ішоў па вуліцах, успамінаючы цяпер не суд, а свае размовы з пракурорам і сматрыцелямі. Тое, што ён шукаў спаткання з ёю і сказаў пра свой намер пракурору і быў у двух турмах, рыхтуючыся ўбачыць яе, так усхвалявала яго, што ён доўга не мог супакоіцца. Прыехаўшы дамоў, ён адразу-ж дастаў свае даўно некранутыя дзённікі, перачытаў некаторыя месцы з іх і запісаў наступнае: „Два гады не пісаў дзённіка і думаў, што ніколі ўжо не вярнуся да гэтага блазенства. А гэта было не блазенства, а размова з сабой, з тым сапраўдным, божаскім сабой, якое жыве ў кожным чалавеку. Увесь час гэты я спаў, мне не было з кім пагутарыць. Абудзіла яго надзвычайная падзея 28-га красавіка, у судзе, дзе я быў прысяжным. Я на лаве падсудных убачыў яе, ашуканую мною Кацюшу, у арыштанцкім халаце. З-за дзіўнага непаразумення і з-за маёй памылкі яе асудзілі на катаргу. Я зараз быў у пракурора і ў турме. Мяне не пусцілі да яе, але я рашыў усё зрабіць, каб пабачыць яе, паказацца перад ёю і загладзіць сваю віну хаця жаніцьбай. Божа, дапамажы мне! Мне вельмі добра, радасна на душы“.