Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/141

Гэта старонка не была вычытаная

XXXVII

Доўга ў гэту ноч не магла заснуць Маслава, а ляжала з адкрытымі вачыма і, гледзячы на дзверы, якія засланяла дзячыха, ходзячы то ўзад, то ўперад, думала.

Думала яна аб тым, што нізавошта не пойдзе замуж за катаржнага, на Сахаліне, а як-небудзь іначай будзе жыць, — з кім-небудзь з начальнікаў, з пісарам, хоць з надзірацелем, хоць з памочнікам. Яны ўсе да гэтага ласыя. „Толькі-б не схудаць. А то загінеш“. І яна ўспомніла, як абаронца глядзеў на яе, і як глядзеў старшыня, і як глядзелі і наўмысля сустракаліся і праходзілі каля яе людзі ў судзе. Яна ўспомніла, як Берта, якая наведала яе ў астрозе, расказвала ёй, што той студэнт, якога яна кахала, жывучы ў Кітаевай, прыязджаў да іх, пытаў пра яе і вельмі шкадаваў. Успамінала яна і пра бойку з рыжай і шкадавала яе; успамінала пра булачніка, які паслаў ёй лішні калач. Яна ўспамінала шмат аб кім, але толькі не аб Нехлюдаве. Аб сваім дзяцінстве і маладосці, а асабліва аб каханні да Нехлюдава, яна ніколі не ўспамінала. Гэта было занадта балюча. Гэтыя ўспаміны недзе далёка некранутымі ляжалі ў яе душы. Нават у сне ніколі не бачыла Нехлюдава. Сёння ў судзе яна не пазнала яго не столькі таму, што, калі яна бачыла яго апошні раз, ён быў ваенны, без барады, з маленькімі вусікамі і, хаця і кароткімі, але густымі кучаравымі валасамі, а цяпер гэты быў стараваты на выгляд чалавек, з барадой, сколькі таму, што яна ніколі не думала пра яго. Пахавала яна ўсе ўспаміны аб сваім мінулым з ім у тую жудасную цёмную ноч, калі ён прыязджаў з арміі і не заехаў да цётак.

Да гэтай начы, пакуль яна спадзявалася на тое, што ён заедзе, дзіцёнак, якога яна насіла пад сэрцам, не толькі не ўтрудняў яе, але яна часта са здзіўленым замілаваннем сачыла яго мяккія, а часам парыўчатыя рухі ў сабе. Але з гэтай начы ўсё зрабілася інакшым. І будучы дзіцёнак зрабіўся толькі адной перашкодай.

Цёткі чакалі Нехлюдава, прасілі яго заехаць, але ён тэлеграфаваў што не можа, бо павінен быць у тэрмін у Пецербургу.