Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/143

Гэта старонка не была вычытаная

была ўжо за вадакачкай на ветры, і вецер наляцеў на яе, зрываючы з галавы яе хустку і абляпляючы з аднаго боку спадніцай яе бягучыя ногі. Хустку сарвала з яе ветрам, але яна ўсё бегла.

— Цётачка, Міхайлаўна! — крычала дзяўчынка, ледзь паспяваючы за ёю. — Хустку згубілі!

„Ён у асветленым вагоне, на аксамітным крэсле сядзіць, жартуе, п‘е, — а я вось тут, у брудзе, у цямноце, пад дажджом і ветрам — стаю і плачу“, падумала Кацюша, спынілася і, закінуўшы галаву назад і схапіўшыся за яе рукамі, зарыдала.

— Паехаў! — закрычала яна.

Дзяўчынка спалохалася і абняла яе за мокрае адзенне.

— Цётачка, дамоў хадзем.

„Пройдзе поезд — пад вагон і скончана“, думала тым часам Кацюша, не адказваючы дзяўчынцы.

Яна парашыла, што зробіць гэтак. Але тут-жа, як гэта заўсёды бывае ў першую мінуту зацішша пасля хвалявання, ён, дзіцёнак, — яго дзіцёнак, які быў у ёй, раптам уздрыгануўся, ударыўся і плаўна пацягнуўся і зноў пачаў штурхацца нечым тонкім, пяшчотным і вострым. І раптам усё тое, што мінуту перад гэтым так мучыла яе, што, здавалася, нельга было жыць, уся злосць на яго і жаданне адпомсціць яму хоць-бы сваёй смерцю, — усё гэта раптам аддалілася. Яна супакоілася, устала, агледзела сябе, захуталася хусткай і пайшла дамоў.

Стомленая, мокрая, брудная, яна вярнулася дамоў, і з гэтага дня ў яе пачаўся той душэўны пераварот, ад якога яна зрабілася тым, чым была цяпер. З гэтай страшнай начы яна перастала верыць у дабро. Яна раней сама верыла ў дабро і ў тое, што людзі вераць у яго, але з гэтай начы пераканалася, што ніхто не верыць у гэта, і што ўсё, што гавораць пра бога і дабро, усё гэта для таго, каб ашукваць людзей. Ён, якога яна кахала і які яе кахаў, — яна гэта ведала, — пакінуў яе, пацешыўшыся ёю і паглуміўшыся з яе пачуццяў. А ён быў самы лепшы з людзей, якіх яна ведала. Усе-ж астатнія былі яшчэ горшыя. І ўсё, што з ёю здаралася, на кожным кроку пацвярджала гэта. Цёткі яго,