Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/144

Гэта старонка не была вычытаная

багамольныя бабулькі, прагналі яе, калі яна не магла ўжо так служыць ім, як раней. Усе людзі, з якімі яна сходзілася, — жанчыны стараліся праз яе набыць грошай, мужчыны, пачынаючы з старога станавога і да турэмных наглядчыкаў, — глядзелі на яе, як на сродак для асалоды. Ні для каго нічога не было іншага на свеце, як толькі асалода, менавіта, гэта асалода. У гэтым яшчэ больш упэўніў яе стары пісьменнік, з якім яна сышлася на другі год свайго жыцця на волі. Ён проста так і казаў ёй, што ў гэтым — ён называў гэта паэзіяй і эстэтыкай — усё шчасце.

Усе жылі толькі для сябе, для сваёй асалоды, і ўсе словы пра бога і дабро былі ашуканства. А калі і паўставалі пытанні аб тым, навошта на свеце ўсё створана гэтак дрэнна, што ўсе робяць адзін аднаму зло і ўсе пакутуюць, трэба было не думаць пра гэта. Зробіцца сумна — пакурыла ці выпіла, або, што лепш за ўсё, палюбілася з мужчынай, і пройдзе.


XXXVIII

Наступным днём, у нядзелю, у 5 гадзін раніцы, калі ў жаночым калідоры турмы прагучэў звычайны свісток, Караблёва, якая ўжо не спала, пабудзіла Маславу.

„Катаржная“, з жахам падумала Маслава, праціраючы вочы і міжвольна ўдыхаючы ў сябе жудасна смярдзючае раніцою паветра, і хацела зноў заснуць, апынуцца ў несвядомасці, але звычка страху перамагла сон, і яна ўстала і, падкурчыўшы ногі, села, азіраючыся. Жанчыны ўжо ўсталі, толькі дзеці яшчэ спалі. Карчмарша з пукатымі вачыма, асцярожна, каб не пабудзіць дзяцей, выцягвала з-пад іх халат. Бунтаўшчыца развешвала ля печкі лахманы, якія служылі ёй замест пялёнак, а дзіцёнак заходзіўся ад адчаянага крыку на руках блакітнавокай Фядос‘і, якая гушкала і баюкала яго пяшчотным голасам. Сухотная, схапіўшыся за грудзі, з налітым крывёю тварам, адкашлівалася і, у перапынках уздыхаючы, амаль ускрыквала. Рыжая, прачнуўшыся, ляжала ўгору жыватом, сагнуўшы тоўстыя ногі, і голасна і весела расказвала сон, які яна бачыла. Бабулька-падпальніца стаяла зноў перад абразом і, шэпчучы адны