Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/147

Гэта старонка не была вычытаная

руч свайго бацькі, з‘явіўся спачатку Марыі Магдалене, з якой ён выгнаў сем д‘яблаў, і потым адзінаццаці вучням, і як загадаў ім прапаведваць евангелле ўсім стварэнням, прычым сказаў, што той, хто не паверыць — загіне, хто-ж паверыць і будзе хрысціцца, — выратуецца і, апрача таго, будзе выганяць д‘яблаў, будзе вылечваць людзей ад хваробы накладаннем на іх рук, будзе гаварыць новымі мовамі, будзе браць змей і, калі вып‘е атруту, то не памрэ, а астанецца здаровым.

Сутнасць царкоўнай службы складалася з таго, што мелася на ўвазе, што выразаныя свяшчэннікам кавалачкі і пакладзеныя ў віно, пры пэўных маніпуляцыях і малітвах, ператвараюцца ў цела і кроў бога. Маніпуляцыі гэтыя складаліся з таго, што свяшчэннік роўнамерна, не гледзячы на тое, што гэтаму перашкаджаў апрануты на яго парчовы мяшок, — узнімаў абедзве рукі ўгору і трымаў іх так, потым станавіўся на калені і цалаваў стол і тое, што было на ім. Самае-ж галоўнае дзеянне было тое, калі свяшчэннік, узяўшы абодвума рукамі сарветку, роўнамерна і плаўна махаў ёю над сподкам і залатой чашай. Мелася на ўвазе, што ў гэты самы час з хлеба і віна робіцца цела і кроў, і таму гэта месца царкоўнай службы абстаўлялася асаблівай урачыстасцю.

„Изрядно о пресвятей, пречистой и преблагословенней богородице“, голасна закрычаў пасля гэтага свяшчэннік з-за пераборкі, і хор урачыста заспяваў, што вельмі добра праслаўляць дзеву Марыю, якая нарадзіла Хрыста, не страціўшы дзявоцтва і за гэта мае больш пашаны, чым нейкія херувімы, і больш славы, чым нейкія серафімы. Пасля гэтага лічылася, што паратварэнне адбылося, і свяшчэннік, зняўшы сарветку са сподка, разрэзаў сярэдні кавалачак на чатыры часткі і паклаў яго спачатку ў віно, а потым у рот. Дапускалася, што ён з‘еў кавалачак цела бога і выпіў глыток яго крыві. Пасля гэтага свяшчэннік адсунуў занавес, адчыніў сярэднія дзверы і, узяўшы ў рукі пазалочаную чашку, вышаў з ёй у сярэднія дзверы і запрасіў усіх, хто жадае таксама паспытаць цела і крыві бога, што знаходзіліся ў чашцы.