Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/150

Гэта старонка не была вычытаная

хлебам і віном, але самым рашучым чынам забараніў адным людзям называць настаўнікамі іншых людзей, забараніў малітвы ў храмах, а сказаў маліцца кожнаму ў адзіноце, забараніў самыя храмы, сказаўшы, што прышоў разбурыць іх, і што маліцца трэба не ў храмах, а ў духу і ісціне; галоўнае-ж, забараніў не толькі судзіць людзей і трымаць іх у няволі, катаваць, ганьбіць, караць, як гэта рабілася тут, а забараніў усякі гвалт над людзьмі, сказаўшы, што ён прышоў выпусціць палонных на волю.

Ніхто з прысутных не падумаў аб тым, што ўсё, што рабілася тут, было найвялікшым здзекам і кпінам з таго самага хрыста, імем якога ўсё гэта рабілася. Ніхто не падумаў аб тым, што пазалочаны крыж з эмалевымі медальёнчыкамі на канцах, які вынес свяшчэннік і даваў цалаваць людзям, быў не чым іншым, як вобразам той шыбеніцы, на якой быў пакараны хрыстос менавіта за тое, што ён забараніў тое самае, што цяпер яго імем рабілася тут. Ніхто не падумаў, што тыя свяшчэннікі, якія ўяўляюць сабе, што ў выглядзе хлеба і віна яны ядуць цела і п‘юць кроў хрыста, сапраўды ядуць цела і п‘юць кроў яго, але не ў кавалачках і віне, а тым, што не толькі спакушаюць тых „малых сих“, з якімі хрыстос атоесамляў сябе, але і пазбаўляюць іх найвялікшага дабра і жорстка катуюць, хаваючы ад людзей тое апавяшчэнне шчаслівага жыцця, якое ён прынёс ім.

Свяшчэннік са спакойным сумленнем рабіў усё тое, што ён рабіў, таму што з дзяцінства быў выхаваны на тым, што гэта адзіная сапраўдная вера, у якую верылі ўсе святыя людзі, што жылі раней, і цяпер верыць духоўнае і свецкае начальства. Ён верыў не ў тое, што з хлеба зрабілася цела, што карысна для душы вымаўляць шмат слоў, або што ён з‘еў сапраўды кавалачак бога, — у гэта нельга верыць, — а верыў у тое, што трэба верыць у гэту веру. Галоўнае-ж, сцвярджала яго ў гэтай веры тое, што за выкананне трэб гэтай веры ён 18 год ужо атрымліваў даходы, на якія ўтрымліваў сваю сям‘ю, сына ў гімназіі, дачку ў духоўным вучылішчы. Таксама верыў і дзячок і яшчэ цвярдзей, чым свяшчэннік, таму што зусім запамятаваў сутнасць догматаў гэтай веры, а ведаў толькі, што за „теплоту“, за