Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

вае тут, і яны разгаварыліся. Гэта быў швейцар з банка; ён прышоў сюды наведаць свайго брата, якога судзілі за падлог. Добрадушны чалавек гэты расказаў Нехлюдаву ўсю сваю гісторыю і хацеў распытваць і яго, калі іхнюю ўвагу адцягнулі студэнт з дамай пад вуаляй, якія прыехалі на вялікім пародзістым вараным кані, у пралётцы на гумавых шынах. Студэнт нёс у руках вялізны вузел. Ён падышоў да Нехлюдава і запытаў яго, ці можна, і што трэба зрабіць для таго, каб перадаць міласціню — калачы, каторыя ён прывёз. „Гэта я па жаданню нявесты. Гэта мая нявеста. Бацькі яе параілі нам адвезці зняволеным“.

— Я сам першы раз і не ведаю, але думаю, што трэба запытаць гэтага чалавека, — сказаў Нехлюдаў, паказваючы на надзірацеля з галунамі, які сядзеў з кніжкай направа.

У той самы час, калі Нехлюдаў гаварыў з студэнтам, вялікія, з акенцам пасярэдзіне, жалезныя дзверы турмы адчыніліся, і з іх вышаў афіцэр у мундзіры з другім надзірацелем, і надзірацель з кніжкай абвясціў, што ўпуск наведвальнікаў пачынаецца. Вартавы саступіў з дарогі, і ўсе наведвальнікі, нібы баючыся спазніцца, хуткім крокам, а хто і бегам кінуліся ў дзверы турмы. Ля дзвярэй стаяў адзін наглядчык, які па меры таго, як наведвальнікі праходзілі міма яго, лічыў іх, голасна вымаўляючы: шаснаццаць, семнаццаць і т. д. Другі надзірацель, у сярэдзіне будынка, таксама лічыў, дакранаючыся рукой да кожнага з тых, што праходзілі ў наступныя дзверы, з тым, каб пры выпуску праверыць лік і не пакінуць ніводнага наведвальніка ў турме і не выпусціць ніводнага зняволенага. Надзірацель гэты, не гледзячы на таго, хто праходзіў, хлопнуў рукой па спіне Нехлюдава, і гэта датыканне рукі наглядчыка ў першую мінуту зняважыла Нехлюдава, але адразу-ж ён успомніў, дзеля чаго ён прышоў сюды, і яму зрабілася сорамна гэтага пачуцця непрыемнасці і пагарды.

Першым памяшканнем за дзвярыма быў вялікі пакой з скляпеннямі і жалезнымі кратамі ў невялікіх вокнах. У пакоі гэтым, які звалі зборны, зусім нечакана Нехлюдаў убачыў у нішы вялікі вобраз распятага хрыста.