Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/155

Гэта старонка не была вычытаная

„Дзеля чаго гэта?“ падумаў ён, міжвольна злучаючы ў сваім уяўленні вобраз хрыста з вызваленымі, а не са зняволенымі.

Нехлюдаў ішоў павольна, прапускаючы ўперад тых наведвальнікаў, што спяшаліся, адчуваючы змешанае пачуццё жаху перад тымі злачынцамі, якія замкнуты тут, жаласць да тых нявінных, якія, як учарашні хлопчык і Кацюша, павінны быць тут, і палахлівасці і расчулення перад тым спатканнем, што мелася адбыцца. Каля выхаду з першага пакоя, у другім канцы яго, надзірацель праказаў нешта. Але Нехлюдаў, паглынуты сваімі думкамі, не звярнуў увагі на гэта і працягваў ісці туды, куды ішло больш наведвальнікаў, г. зн. у мужчынскае аддзяленне, а не ў жаночае, куды яму трэба было.

Прапускаючы спяшаючых уперад, ён увайшоў апошнім у памяшканне, прызначанае для спатканняў. Першае, што здзівіла яго, калі ён, адчыніўшы дзверы, увайшоў у гэта памяшканне, быў аглушаны крык сотні галасоў, які зліваўся ў адзін гул. Толькі бліжэй падышоўшы да людзей, якія, як мухі да цукру, прыляпіліся да сеткі, якая падзяляла пакой на дзве часткі, Нехлюдаў зразумеў, у чым справа. Пакой з вокнамі на задняй сцяне быў падзелен на дзве часткі не адной, а двума драцянымі сеткамі, працягнутымі ад столі да зямлі. Паміж сеткамі хадзілі надзірацелі. На тым баку сетак былі зняволеныя, на гэтым баку — наведвальнікі. Паміж тымі і другімі было дзве сеткі і аршыны тры адлегласці, так што не толькі перадаць што-небудзь, але і разгледзець твар, асабліва блізарукаму чалавеку, было немагчыма. Цяжка было і гаварыць, трэба было крычаць, што сілы, каб цябе пачулі. З абодвух бакоў прыціскаліся да сетак тварамі жонкі, мужы, бацькі, маткі, дзеці. Яны стараліся разгледзець адзін аднаго і сказаць тое, што трэба. Але з той прычыны, што кожны стараўся гаварыць так, каб яго пачуў яго субяседнік, і суседзі хацелі таго-ж, і іхнія галасы перашкаджалі адзін аднаму, то кожны стараўся перакрычаць другога. Ад гэтага стаяў той гул і крык, якія здзівілі Нехлюдава, калі ён увайшоў у гэты пакой. Зразумець тое, што гаварылася, не было ніякай магчымасці.