Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/158

Гэта старонка не была вычытаная

з гэтага боку — у рознастайных адзеннях гарадскія жыхары, з таго боку — арыштанткі, некаторыя ў белым, некаторыя ў сваім адзенні. Уся сетка была застаўлена людзьмі. Адны падымаліся на цыпкі, каб праз галовы другіх іх пачулі, другія сядзелі на падлозе і перагаварваліся.

Больш за ўсіх жанчын-арыштантак кідалася ў вочы выглядам і дзіўным крыкам калматая, худая цыганка-арыштантка, са збітай з кучаравых валасоў хусткай. Яна стаяла амаль пасярэдзіне пакоя, на тым баку кратаў каля слупа і нешта з хуткімі жэстамі крычала нізка і туга падпярэзанаму цыгану ў сінім сурдуце. Побач з цыганом прысеў да зямлі салдат, які гутарыў з арыштанткай, потым стаяў, прыціснуўшыся да сеткі, малады з светлай барадой мужычок у лапцях з пачырванелым тварам, відаць, ён ледзь стрымліваў слёзы. З ім гаварыла прыгожая бялявая арыштантка, пазіраючы светлымі блакітнымі вачыма на субяседніка. Гэта была Фядос‘я з сваім мужам. Каля іх стаяў абадранец, перагаварваючыся з раскудлачанай шырокатварай жанчынай, потым дзве жанчыны, мужчына, зноў жанчына — супроць кожнага была арыштантка. Сярод іх Маславай не было. Але ззаду арыштантак, на тым баку, стаяла яшчэ адна жанчына, і Нехлюдаў адразу-ж зразумеў, што гэта была яна, і адразу-ж адчуў, як моцна забілася яго сэрца і спынілася дыханне. Рашучая мінута набліжалася. Ён падышоў да сеткі і пазнаў яе. Яна стаяла ззаду блакітнавокай Фядос‘і, усміхаючыся, слухала тое, што яна гаварыла. Яна не была ў халаце, як пазаўчора, а ў белай кофце, туга сцягнутай поясам і высока паднятай на грудзях. З-пад хусцінкі, як на судзе, выстаўляліся кучаравыя чорныя валасы.

„Зараз вырашыцца, — думаў ён. — Як мне паклікаць яе? Або сама падыйдзе?“.

Але сама яна не падыходзіла. Яна чакала Клару і ніяк не думала, што гэты мужчына прышоў да яе.

— Вам каго трэба? — запытала, падыходзячы да Нехлюдава, надзірацельніца, якая хадзіла паміж сеткамі.

— Кацярыну Маславу, — ледзьве здолеў вымавіць Нехлюдаў.

— Маслава, да цябе! — крыкнула надзірацельніца.