Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/160

Гэта старонка не была вычытаная

— Я прышоў за тым, каб прасіць у цябе выбачэння, — пракрычаў ён змененым голасам, без інтанацыі, як завучаны ўрок.

Пракрычаўшы гэтыя словы, яму зрабілася сорамна, і ён азірнуўся. Але адразу-ж прышла думка, што калі яму сорамна, дык гэта яшчэ лепей, таму што ён павінен несці сорам. І ён голасна працягваў:

— Даруй мне, я страшна вінават перад… — пракрычаў ён яшчэ.

Яна стаяла нерухома і не зводзіла з яго свайго касога погляду.

Ён не мог далей гаварыць і адышоў ад кратаў, стараючыся стрымаць рыданні, якія ўскалыхнулі яго грудзі.

Сматрыцель, той самы, які накіраваў Нехлюдава ў жаночае аддзяленне, відаць, зацікаўлены ім, прышоў у гэта аддзяленне і, убачыўшы Нехлюдава не каля кратаў, запытаў яго, чаму ён не гаворыць з той, з кім яму трэба. Нехлюдаў высмаркаўся і, устрахнуўшыся, стараючыся мець спакойны выгляд, адказаў:

— Не магу гаварыць цераз краты, нічога не чуваць.

Сматрыцель задумаўся.

— Ну, што-ж, можна вывесці яе сюды часова.

— Мар‘я Карлаўна! — звярнуўся ён да надзірацельніцы. — Выведзіце Маславу сюды.

Праз мінуту з бакавых дзвярэй вышла Маслава. Падышоўшы мяккімі крокамі блізка да Нехлюдава, яна спынілася і спадылба зірнула на яго. Чорныя валасы, таксама як пазаўчора, выбіваліся кучаравымі кольцамі, твар, нездаровы, пухлы і белы, быў прыгожы і зусім спакойны; толькі глянцавіта-чорныя вочы з-пад падпухлых павекаў асабліва блішчэлі.

— Можна тут гаварыць, — сказаў сматрыцель і адышоў.

Нехлюдаў прысунуўся да лавы, якая стаяла каля сцяны.

Маслава зірнула запытальна на памочніка сматрыцеля і потым, нібы са здзіўленнем павёўшы плячыма, пайшла за Нехлюдавым да лавы і села на яе побач з ім, паправіўшы спадніцу.

— Я ведаю, што вам цяжка дараваць мне, — пачаў Нехлюдаў, але зноў спыніўся, адчуваючы, што слёзы пера-