Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/162

Гэта старонка не была вычытаная

ў гэтым, яна зрабіла і цяпер, як рабіла заўсёды: адагнала ад сябе гэтыя ўспаміны і пастаралася заслаць іх асаблівым туманам распуснага жыцця; таксама яна зрабіла і цяпер. У першую мінуту яна злучыла чалавека, які цяпер сядзеў перад ёю, з тым юнаком, якога яна некалі кахала, але потым, убачыўшы, што гэта надта балюча, яна перастала злучаць яго з тым. Цяпер гэты чыста апрануты, выпеставаны пан з надушанай барадой быў для яе не той Нехлюдаў, якога яна кахала, а толькі адзін з тых людзей, якія, калі ім трэба было, карысталіся гэткімі істотамі, як яна, і якімі такія, як яна, павінны былі карыстацца як мага для сябе карысней. І таму яна прывабна ўсміхнулася яму. Яна памаўчала, абдумваючы, чым-бы пакарыстацца ад яго.

— Тое ўсё скончана, — сказала яна. — Цяпер вось засудзілі на катаргу.

І губы яе задрыжэлі, калі яна вымавіла гэта страшнае слова.

— Я ведаў, я ўпэўнен быў, што вы не вінаваты, — сказаў Нехлюдаў.

— Вядома, не вінавата. Хіба я зладзейка ці рабаўніца. У нас кажуць, што ўсё ад адваката, — працягвала яна. — Кажуць, трэба прашэнне падаць. Толькі дорага, кажуць, бяруць…

— Але, абавязкова, — сказаў Нехлюдаў. — Я ўжо звярнуўся да адваката.

— Трэба не пашкадаваць грошай, добрага, — сказала яна.

— Я ўсё зраблю, што магчыма.

Наступіла маўчанне.

Яна зноў таксама ўсміхнулася.

— А я хачу вас папрасіць… грошай, калі можаце. Нямнога… дзесяць рублёў, больш не трэба, — раптам сказала яна.

— Але, але, — збянтэжана загаварыў Нехлюдаў і ўзяўся за кашалёк.

Яна хутка зірнула на сматрыцеля, які хадзіў узад і ўперад па камеры.

— Пры ім не давайце, а то адбяруць.

Нехлюдаў дастаў кашалёк, як толькі сматрыцель адвярнуўся, але не паспеў перадаць дзесяцірублёвую паперку,