Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/164

Гэта старонка не была вычытаная

вабіла яго. Ён адчуваў да яе цяпер пачуццё такое, якога ён ніколі не адчуваў раней ні да яе, ні да каго-небудзь іншага, у якім не было нічога асабовага: ён нічога не жадаў сабе ад яе, а жадаў толькі таго, каб яна перастала быць такою, якою яна была цяпер, каб яна абудзілася і стала такою, якою яна была раней.

— Кацюша, навошта ты так гаворыш? Я-ж ведаю цябе, помню цябе тады, у Панове…

— Што старое памінаць, — суха сказала яна.

— Я ўспамінаю таму, каб загладзіць, выправіць свой грэх, Кацюша, — пачаў ён і хацеў было сказаць аб тым, што ён ажэніцца з ёю, але ён сустрэў яе погляд і прачытаў у ім нешта такое страшнае і грубае, агіднае, што не мог дагаварыць.

У гэты час наведвальнікі пачалі выходзіць. Сматрыцель падышоў да Нехлюдава і сказаў, што час спаткання скончыўся. Маслава ўстала, пакорліва чакаючы, калі яе адпусцяць.

— Бывайце, мне яшчэ багата трэба сказаць вам, але, як бачыце, цяпер нельга, — сказаў Нехлюдаў і працягнуў руку. — Я прыду яшчэ.

— Здаецца, усё сказалі…

Яна падала руку, але не паціснула.

— Не, я пастараюся пабачыцца з вамі яшчэ, дзе-б можна перагаварыць, і тады скажу вельмі важнае, што трэба сказаць вам, — сказаў Нехлюдаў.

— Што-ж, прыходзьце, — сказала яна, усміхаючыся той усмешкай, якой усміхалася мужчынам, якім хацела падабацца.

— Вы бліжэй для мяне, чым сястра, — сказаў Нехлюдаў.

— Дзіўна, — паўтарыла яна і, ківаючы галавой, пайшла за краты.


XLIV

Пры першым спатканні Нехлюдаў чакаў, што ўжо Кацюша, убачыўшы яго, даведаўшыся пра яго намер служыць ёй і яго раскаянне, узрадуецца і расчуліцца і зробіцца зноў Кацюшай, але, на жах свой, ён убачыў, што Кацюшы не было, а была адна Маслава. Гэта здзівіла і прывяло яго ў жах.