Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/166

Гэта старонка не была вычытаная

ўсіх мужчын, усіх без выключэння — старых, маладых, гімназістаў, генералаў, адукаваных, неадукаваных, — ёсць у палавой сувязі з прывабнымі жанчынамі, і таму ўсе мужчыны, хаця і прыкідаюцца, што заняты іншымі справамі, па сутнасці жадаюць толькі аднаго гэтага. Яна-ж — прывабная жанчына — можа задавальняць або не задавальняць гэта іхняе жаданне, і таму яна — важны і патрэбны чалавек. Усё яе ранейшае і цяперашняе жыццё было сцвярджэннем справядлівасці гэтага погляду.

На працягу дзесяці год яна ўсюды, дзе-б яна ні была, пачынаючы з Нехлюдава і старога-станавога і канчаючы астрожнымі надзірацелямі, бачыла, што ўсе мужчыны маюць патрэбу ў ёй; яна не бачыла і не заўважала тых мужчын, якія не мелі патрэбы ў ёй. І таму ўвесь свет уяўляўся ёй зборам ахопленых похаццю людзей, якія з усіх бакоў пільнавалі яе і ўсімі магчымымі сродкамі — ашуканствам, гвалтам, купляй, хітрасцю — стараліся авалодаць ёю.

Гэтак разумела жыццё Маслава, і пры гэткім разуменні жыцця яна была не толькі не апошні, а вельмі важны чалавек. І Маслава даражыла гэткім разуменнем жыцця больш за ўсё на свеце, — не магла не даражыць ім, таму што, змяніўшы гэткае разуменне жыцця, яна губляла тое значэнне, якое гэткае разуменне давала ёй сярод людзей. І для таго, каб не губляць свайго значэння ў жыцці, яна інстынктыўна трымалася такога кола людзей, якія глядзелі на жыццё таксама, як і яна. Адчуваючы-ж, што Нехлюдаў хоча вывесці яе ў другі свет, яна працівілася яму, прадбачачы, што ў тым свеце, у які ён прывабліваў яе, яна павінна будзе згубіць гэта сваё месца ў жыцці, што давала ёй упэўненасць і самапаважанне. З гэтай-жа прычыны яна адганяла ўспаміны першага юнацтва і першых адносін з Нехлюдавым. Успаміны гэтыя не сыходзіліся з яе цяперашнім светапоглядам і таму былі зусім выкрэслены з яе памяці або, хутчэй, недзе хаваліся ў яе памяці некранутымі, але былі гэтак замкнуты, замазаны, як пчолы замазваюць гнёзды клачнёў (чарвякоў), якія могуць знішчыць усю пчаліную работу, каб да іх не было як даступіцца. І таму цяперашні Нехлюдаў быў для яе не той чалавек, якога яна