Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/167

Гэта старонка не была вычытаная

некалі кахала чыстым каханнем, а толькі багаты пан, якога можна і трэба скарыстаць і з якім маглі быць толькі гэткія адносіны, як і з усімі мужчынамі.

„Не, не мог сказаць галоўнага, — думаў Нехлюдаў, накіроўваючыся разам з народам да выхаду. — Я не сказаў ёй, што ажанюся з ёю. Не сказаў, а зраблю гэта“, думаў ён.

Надзірацелі, стоячы каля дзвярэй, зноў, выпускаючы, у дзве рукі лічылі наведвальнікаў, каб не вышаў лішні і не астаўся ў турме. Тое, што яго хлопалі цяпер па спіне, не толькі не зневажала яго, але ён нават і не заўважыў гэтага.


XLV

Нехлюдаву хацелася змяніць сваё знешняе жыццё: здаць вялікую кватэру, распусціць прыслугу і пераехаць у гасцініцу. Але Аграфена Пятроўна даказала яму, што няма ніякага сэнсу да зімы што-небудзь зменьваць у наладжаным жыцці; улетку кватэры ніхто не возьме, а жыць і трымаць мэблю і рэчы дзе-небудзь-жа трэба. Так што ўсе намаганні Нехлюдава змяніць сваё знешняе жыццё (яму хацелася жыць проста, па-студэнцку) не мелі поспеху. Мала таго, што ўсё асталося, як раней, у доме пачалася напружаная работа: праветрыванне, развешванне і выбіванне ўсякіх шарсцяных і футравых рэчаў, у якой прымалі ўдзел і дворнік, і яго памочнік, і кухарка, і сам Карней. Спачатку выносілі і вывешвалі на вяроўкі нейкія мундзіры і нейкія дзіўныя рэчы, якімі ніколі ніхто не карыстаўся; потым пачалі выносіць каўры і мэблю, і дворнік з памочнікам, закасаўшы рукавы мускулістых рук, старанна ў тахт выбівалі гэтыя рэчы, і па ўсіх пакоях пашыраўся пах нафталіну. Праходзячы па дварэ і гледзячы з акон, Нехлюдаў здзіўляўся на тое, як страшна багата ўсяго гэтага было, і як усё гэта было безумоўна бескарысна. „Адзінае скарыстанне і прызначэнне гэтых рэчаў, — думаў Нехлюдаў, — складалася з таго, каб даць выпадак рабіць практыкаванні Аграфене Пятроўне, Карнею, дворніку і кухарцы“.

„Не варта зменьваць формы жыцця цяпер, пакуль справа Маславай не вырашана, — думаў Нехлюдаў. — Ды і надта