Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/169

Гэта старонка не была вычытаная

пераможную агіду да гэтага развязнага чалавека, які тонам сваім жадае паказаць, што ён з ім, з Нехлюдавым, аднаго, а з кліентамі-наведвальнікамі і астатнімі — іншага, чужога ім лагера.

— Ужо вельмі ён мяне змардаваў — страшны нягоднік. Хацелася душу адвесці, — сказаў адвакат, нібы апраўдваючыся ў тым, што гаворыць не аб справе. — Ну-с, пра вашу справу… Я яе прачытаў уважліва і „содержания оной не одобрил“, як гаворыцца ў Тургенева, г.зн. адвакацішка быў дрэнны і ўсе повады касацыі правароніў.

— Дык што-ж вы парашылі?

— Зараз. Скажыце яму, — звярнуўся ён да памочніка, які ўвайшоў, — што, як я сказаў, так і будзе: можа — добра, не можа — не трэба.

— Ды ён не згодзен.

— Ну, і не трэба, — сказаў адвакат, і твар у яго з радаснага і добрадушнага раптам зрабіўся панурым і злосным.

— Вось гавораць, што адвакаты дарэмна грошы бяруць, — сказаў ён, наводзячы на свой твар зноў ранейшую прыемнасць. — Я выпрастаў аднаго збанкрутаванага даўжніка з зусім няправільнага абвінавачвання, і цяпер яны ўсе да мяне лезуць. А кожная такая справа каштуе велізарнай працы. І мы-ж таксама, як нейкі пісьменнік гаворыць, пакідаем кавалачак мяса ў чарнільніцы. Ну-с, дык ваша справа, або справа, якая цікавіць вас, — працягваў ён, — вялася дрэнна, добрых повадаў для касацыі няма, але ўсё-жткі паспрабаваць касіраваць можна, і я вось напісаў наступнае.

Ён узяў аркуш запісанай паперы і, хутка праглатваючы некаторыя нецікавыя фармальныя словы і асабліва выразна вымаўляючы іншыя, пачаў чытаць:

„У крымінальны касацыйны дэпартамент і т. д. і т. д. такі-та і т. д. скарга. Рашэннем вынесенага і т. д. і т. д. вердыкта і т. д., прызнана такая-та Маслава вінаватай у забойстве шляхам атручэння купца Смелькова і на падставе 1454 артыкула ўкладання засуджана і т. д., катаржныя работы і т. д.“

Ён спыніўся; відаць, не гледзячы на вялікую прывычку, ён усё-ж ткі з задаволеннем слухаў свой твор.