Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/170

Гэта старонка была вычытаная

„Прысуд гэты з‘яўляецца вынікам гэткіх-жа важных працэсуальных парушэнняў і памылак, — прадаўжаў ён салідна, — што падлягае адмене. Па-першае, чытанне ў часе судовага следства акта даследавання ўнутранасцей Смелькова было спынена ў самым пачатку старшынёй“ — раз.

— Але-ж гэта абвінаўца патрабаваў чытання, — з здзіўленнем сказаў Нехлюдаў.

— Усё-адно, абарона магла мець падставы патрабаваць таго-ж самага.

— Але-ж гэта ўжо зусім ні для чаго не патрэбна было.

— Усё-ж ткі гэта повад. Далей: „па-другое, адваката Маславай, — прадаўжаў ён чытаць, — спыніў судовы старшыня ў час прамовы, калі, жадаючы ахарактарызаваць асобу Маславай, ён закрануў унутраныя прычыны яе падзення, на той падставе, што словы адваката нібы не маюць непасрэднага дачынення да справы, а тым часам у справах крымінальных, як гэта было неаднаразова ўказана сенатам, высвятленне характару і наогул маральнага твара падсуднага мае галоўнае значэнне, хаця-б для правільнага вырашэння пытання аб ўмяненні“ — два, — сказаў ён, зірнуўшы на Нехлюдава.

— Але-ж ён вельмі дрэнна гаварыў, так што нельга было нічога зразумець, — яшчэ больш здзіўляючыся, сказаў Нехлюдаў.

— Малы дурны зусім і, зразумела, нічога не мог сказаць разумнага, — смеючыся сказаў Фанарын, — але ўсё-такі повад. Ну-с, потым. Па-трэцяе, у заключным слове сваім судавы старшыня, наперакор катэгарычнаму патрабаванню 1 п. 801 арт. Устава крымільнага судаўніцтва не растлумачыў прысяжным засядацелям, з якіх юрыдычных злементаў складаецца паняцце аб вінаватасці і не сказаў ім, што яны маюць права, прызнаўшы даказаным факт давання Маславаю атруты Смелькову, не лічыць яе гэты ўчынак за віну за адсутнасцю ў яе намеру забойства і такім чынам прызнаць яе не ў крымінальным злачынстве, а толькі ў праступку неасцярожнасці, вынікам якой, не чаканым для Маславай, была смерць купца“. Вось гэта галоўнае.

— Але мы і самі маглі зразумець гэта. Гэта наша памылка.