Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/173

Гэта старонка не была вычытаная

жонку, выказваючы гэтым немагчымасць процістаяць гэткай прывабнай асобе.

З сумным і суровым тварам і з вялікай пачцівасцю падзякаваўшы жонцы адваката за гонар запрашэння, Нехлюдаў адмовіўся за адсутнасцю магчымасці і вышаў у прыймовы пакой.

— Які грымаснік! — сказала пра яго жонка адваката, калі ён вышаў.

У прыймовым пакоі памочнік перадаў Нехлюдаву гатовае прашэнне і на запытанне аб ганарары сказаў, што Анатолій Пятровіч прызначыў 1000 рублёў, растлумачыўшы пры гэтым, што ўласна гэткіх спраў Анатолій Пятровіч не бярэ, але робіць гэта для яго.

— Як-жа падпісаць прашэнне, хто павінен? — запытаў Нехлюдаў.

— Можа сама падсудная, а калі ёсць перашкоды, дык і Анатолій Пятровіч, узяўшы ад яе даручэнне.

— Не, я паеду і вазьму яе подпіс, — сказаў Нехлюдаў радуючыся выпадку ўбачыць яе раней прызначанага дня.


XLVI

У звычайны час у турме прасвісцелі на калідорах свісткі наглядчыкаў; грымучы жалезам, адчыніліся дзверы калідораў і камер, зашлёпалі босыя ногі і абцасы котаў, па калідорах прайшлі парашачнікі, напаўняючы паветра агідным смуродам; памыліся, апрануліся арыштанты і арыштанткі і вышлі ў калідоры на паверку, а пасля паверкі пайшлі па кіпяток для чаю.

За чаем у гэты дзень па ўсіх камерах турмы ішлі ажыўленыя размовы аб тым, што ў гэты дзень павінны былі быць пакараны розгамі два арыштанты. Адзін з гэтых арыштантаў быў добра граматны малады чалавек, прыказчык Васільеў, які забіў сваю палюбоўніцу ў прыпадку рэўнасці. Яго любілі яго таварышы па камеры за яго вясёласць, шчодрасць і цвёрдасць у адносінах з начальствам. Ён ведаў законы і патрабаваў выканання іх. За гэта начальства не