Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/174

Гэта старонка не была вычытаная

любіла яго. Тры тыдні перад гэтым надзірацель ўдарыў парашачніка за тое, што той абліў яго новы мундзір шчамі. Васільеў заступіўся за парашачніка, гаворачы, што няма закона біць арыштантаў. „Я табе пакажу закон“, сказаў надзірацель і аблаяў Васільева. Васільеў адказаў тым самым. Надзірацель хацеў ударыць, але Васільеў схапіў яго за рукі, патрымаў гэтак мінуты тры, павярнуў і выпіхнуў за дзверы. Надзірацель паскардзіўся, і сматрыцель загадаў пасадзіць Васільева ў карцар.

Карцары былі рад цёмных каморак, якія замыкаліся звонку заваламі. У цёмным, халодным карцары не было ні ложка, ні стала, ні крэсла, так што пасаджаны сядзеў ці ляжаў на бруднай падлозе, дзе цераз яго і па ім бегалі пацукі, якіх было ў карцары вельмі многа і якія былі гэткія смелыя, што ў цемнаце нельга было ўпільнаваць хлеба. Яны з‘ядалі хлеб з-пад рук у пасаджаных і нават нападалі на саміх пасаджаных, калі яны пераставалі варушыцца. Васільеў сказаў, што не пойдзе ў карцар, таму што не вінават. Яго павялі сілком. Ён пачаў адбівацца, і двое арыштантаў дапамагалі яму вырвацца ад надзірацеляў. Пазбіраліся надзірацелі і між іншым славуты сваёй сілай Петроў. Арыштантаў змялі і ўпіхнулі ў карцары. Губернатара адразу-ж паведамілі, што адбылося нешта падобнае на бунт. Была атрымана папера з прадпісаннем даць галоўным двум вінаватым — Васільеву і валацугу Непомняшчэму па 30 розаг.

Пакаранне павінна было адбыцца ў жаночай наведвальніцкай.

З вечара ўсё гэта было вядома ўсім жыхарам турмы, і па камерах ішлі ажыўленыя размовы аб наступным пакаранні.

Караблёва, Хорашаўка, Фядос‘я і Маслава сядзелі ў сваім кутку і ўсе чырвоныя і ажыўленыя, выпіўшы гарэлкі, якая цяпер не выводзілася ў Маславай і якою яна шчодра частавала таварышак, пілі чай і гаварылі аб тым-жа.

— Хіба ён буяніў ці што, — гаварыла Караблёва, адкусваючы малюпасенькія кавалачкі цукру ўсімі сваімі моцнымі зубамі. — Ён толькі за таварыша заступіўся. Таму што цяпер біцца не дазваляюць.