Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/175

Гэта старонка не была вычытаная

— Хлопец, гавораць, добры, — дадала Фядос‘я, проставалосая, з даўгімі косамі, седзячы на палене супроць нар, на якіх быў чайнік.

— Вось-бы яму сказаць, Міхайлаўна, — звярнулася вартаўніца да Маславай, маючы ў думках пад „ім“ Нехлюдава.

— Я скажу. Ён для мяне ўсё зробіць, — усміхаючыся і ўскідваючы галавой, адказала Маслава.

— Але-ж калі ён прыедзе, а яны, гавораць, зараз пайшлі за імі, — сказала Фядос‘я. — Страсць гэта, — дадала яна, уздыхаючы. — Я аднаго разу бачыла, як у валасным мужыка лупцавалі. Мяне да старшыні бацюхна-свёкар паслаў, прышла я, а ён, бач… — пачала вартаўніца доўгую гісторыю.

Расказ вартаўніцы перабілі гукі галасоў і крокаў у верхнім калідоры.

Жанчыны сціхлі, прыслухоўваючыся.

— Пацягнулі, чэрці, — сказала Хорашаўка. — Засякуць яны яго цяпер. Злыя ўжо надта на яго надзірацелі, таму што ён ім не даруе.

Наверсе ўсё сціхла, і вартаўніца даказала сваю гісторыю, як яна спужалася ў валасным, калі там у хляве мужыка секлі, як у яе ўсе ўнутранасці адскочылі. Хорашаўка-ж расказвала, як Шчэглова нагайкамі білі, а ён і голаса не падаў. Потым Фядос‘я прыбрала чай, і Караблёва і старажыха ўзяліся за шыццё, а Маслава села, абняўшы каленкі, на нары, сумуючы ад нуды. Яна сабралася была легчы заснуць, як надзірацельніца паклікала яе ў кантору да наведвальніка.

— Абавязкова скажы пра нас, — гаварыла ёй бабулька Меншова ў той час, як Маслава папраўляла хусцінку перад люстэркам з напалову аблезлай ртуццю, — не мы запалілі, а ён сам, злодзей, і парабак бачыў; ён душу не заб‘е. Ты скажы яму, каб ён Мітрыя выклікаў. Мітрый усё яму выкладзе, як на далоні, а то, што-ж гэта, замкнулі ў замак, а мы і не чулі ніколі, а ён, злодзей, пануе з чужой жонкай, у шынку сядзіць.

— Не закон гэта! — сцвярдзіла Карабліха.

— Скажу, абавязкова скажу, — адказала Маслава. — А то выпіць яшчэ для смеласці, — дадала яна падміргнуўшы вокам.