Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/177

Гэта старонка не была вычытаная

хацеў выходзіць, калі з задніх дзвярэй вышаў сматрыцель яшчэ больш збянтэжаны, чым яго падначаленыя. Ён не перастаючы ўздыхаў. Убачыўшы Нехлюдава, ён звярнуўся да надзірацеля:

— Федотаў, Маславу з пятай жаночай у кантору, — сказаў ён.

— Калі ласка, — звярнуўся ён да Нехлюдава. Яны прайшлі па крутых сходнях у маленькі пакой з адным акном, пісьмовым сталом і некалькімі крэсламі. Сматрыцель сеў.

— Цяжкія, цяжкія абавязкі, — сказаў ён, звяртаючыся да Нехлюдава і вымаючы тоўстую папяросу.

— Вы, відаць, стаміліся, — сказаў Нехлюдаў.

— Стаміўся ад усёй службы, вельмі цяжкія абавязкі. Хочаш палёгку зрабіць, а выходзіць горш; толькі і думаю, як уцячы; цяжкія, цяжкія абавязкі…

Нехлюдаў не ведаў, у чым асаблівая была для сматрыцеля цяжкасць, але сёння ён бачыў у ім нейкі асаблівы пануры і безнадзейны настрой, які ўзбуджаў жаласлівасць.

— Але, я думаю, што вельмі цяжкія, — сказаў ён. — Навошта-ж вы выконваеце гэты абавязак?

— Сродкаў не маю, сям‘я.

— Але калі вам цяжка…

— Ну, усё-такі я вам скажу, як сілы стае робіш карыснае, усё-такі, што магу, змякчаю. Іншы на маім месцы зусім-бы не гэтак рабіў. Гэта толькі лёгка сказаць: 2000 з лішнім чалавек, ды якіх. Трэба ведаць, як абыходзіцца. Таксама людзі, шкадуеш іх. А распусціць таксама нельга.

Сматрыцель пачаў расказваць нядаўні выпадак бойкі паміж арыштантамі, якая скончылася забойствам.

Расказ яго перапыніў прыход Маславай. Уперадзе ішоў надзірацель.

Нехлюдаў убачыў яе ў дзвярах, калі яна яшчэ не бачыла сматрыцеля. Твар яе быў чырвоны. Яна спрытна ішла за надзірацелем і бесперастанку ўсміхалася, ківаючы галавой. Убачыўшы сматрыцеля, яна са спалоханым тварам утаропілася на яго, але адразу-ж выправілася і жвава і весела звярнулася да Нехлюдава.