Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/178

Гэта старонка не была вычытаная

— Добры дзень, — сказала яна нараспеў і ўсміхаючыся і моцна, не гэтак, як той раз, паціснула яго руку.

— Я вось прывёз вам падпісаць прашэнне, — сказаў Нехлюдаў, крыху здзіўляючыся з таго жвавага выгляду, з якім яна сёння сустрэла яго. — Адвакат склаў прашэнне, і трэба падпісаць, і мы пашлем у Пецербург.

— Што-ж, можна і падпісаць. Усё можна, — сказала яна, жмурачы адно вока і ўсміхаючыся.

Нехлюдаў дастаў з кішэні складзены ліст і падышоў да стала.

— Можна тут падпісаць? — запытаў Нехлюдаў у сматрыцеля.

— Ідзі сюды, сядай, — сказаў сматрыцель, — вось табе і пяро. Пісьменная?

— Некалі ведала, — сказала яна і, усміхаючыся, паправіўшы спадніцу і рукаў кофты, села за стол, нязграбна ўзяла сваёй маленькай, энергічнай рукой пяро і, засмяяўшыся, азірнулася на Нехлюдава.

Ён паказаў ёй, што і дзе напісаць.

Старанна макаючы і абтрасаючы пяро, яна напісала сваё імя.

— Больш нічога не трэба? — запыталася яна, гледзячы то на Нехлюдава, то на сматрыцеля і кладучы пяро то на чарнільніцу, то на паперы.

— Мне трэба тое-сёе сказаць вам, — сказаў Нехлюдаў, узяўшы ў яе з рук пяро.

— Што-ж, скажыце, — сказала яна і раптам, нібы пра нешта задумалася ці захацела спаць, зрабілася сур‘ёзнай.

Сматрыцель устаў і вышаў, і Нехлюдаў астаўся з ёю сам-на-сам.


XLVIII

Надзірацель, які прывёў Маславу, прысеў на падаконнік. Для Нехлюдава надышла рашучая мінута. Ён, не перастаючы, папікаў сябе за тое, што пры першым спатканні не сказаў ёй галоўнага — таго, што ён мае намер ажаніцца з ёю, і цяпер цвёрда наважыўся сказаць ёй гэта. Яна сядзела з аднаго боку стала, Нехлюдаў сеў супроць яе з другога.