Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/179

Гэта старонка не была вычытаная

У пакоі было светла, і Нехлюдаў упершыню ясна на блізкай адлегласці ўбачыў яе твар, — маршчынкі каля вачэй і губ і падпухласць вачэй. І яму зрабілася яшчэ больш, як раней, шкада яе.

Абапёршыся лакцямі на стол так, каб не пачуў надзірацель, чалавек яўрэйскага тыпу, з сіваватымі бакенбардамі, які сядзеў каля акна, а пачула адна яна, ён сказаў:

— Калі прашэнне гэта не выйдзе, дык пададзім на высачайшае імя. Зробім усё, што можна.

— Вось каб раней адвакат быў-бы добры… — перабіла яна яго. — А то гэты мой абаронца зусім дурнем быў. Усё мне кампліменты гаварыў, — сказала яна і засмяялася. — Каб тады ведалі, што я ваша знаёмая, іншае было-б. А то што? Думаюць усе — зладзейка.

„Якая яна дзіўная сёння“, падумаў Нехлюдаў і толькі што хацеў сказаць сваё, як яна зноў загаварыла.

— А я вось што. Ёсць у нас адна бабулька, дык усе, ведаеце, здзіўляюцца нават. Гэткая бабулька добрая, а вось нізавошта сядзіць, і яна і сын; і ўсе ведаюць, што яны не вінаваты, а іх абвінавацілі, што падпалілі, і сядзяць. Яна, ведаеце, пачула, што я з вамі знаёма, — сказала Маслава, круцячы галавой і пазіраючы на яго, — і гаворыць: „скажы яму, хай, гаворыць, сына запросяць, і ён ім усё раскажа“. Меншовы іхняе прозвішча. Што-ж, зробіце? Гэткая, ведаеце, бабулька добрая; відаць адразу, што нізавошта. Вы, галубок, пахадайнічайце, — сказала яна, пазіраючы на яго, апускаючы вочы і ўсміхаючыся.

— Добра, я зраблю, даведаюся, — сказаў Нехлюдаў, усё больш і больш здзіўляючыся яе вольнасці. — Але мне аб сваёй справе хацелася пагаварыць з вамі. Вы памятаеце, што я вам гаварыў той раз? — сказаў ён.

— Вы многа гаварылі. Што гаварылі той раз? — сказала яна, не перастаючы ўсміхацца і паварачваючы галаву то ў той, то ў другі бок.

— Я гаварыў, што прышоў прасіць вас дараваць мне, — сказаў ён.

— Ну што, усё дараваць, дараваць, ні да чаго гэта… вы лепш…