Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Другі ліст быў ад галоўнага аконама маёнткаў. Аконам пісаў, што яму, Нехлюдаву, неабходна самому прыехаць, каб замацавацца ў правах наследніка і, апрача таго, вырашыць пытанне аб тым, як гаспадарыць: ці так, як пры нябожчыцы, ці, як ён гэта і прапанаваў нябожчыцы княгіні і цяпер прапануе маладому князю, павялічыць інвентар і ўсю зямлю, што раздаецца сялянам, абрабляць самім. Аконам пісаў, што такая эксплаатацыя дасць болей карысці. Пры гэтым аконам прасіў выбачэння за тое, што крыху спазніўся з высылкаю 3000 рублёў, якія трэба было даслаць па раскладу да 1-га чысла. Грошы гэтыя ён вышле з наступнай поштай. А спазніўся ён даслаць таму, што ніяк не мог сабраць з сялян, якія сваёй несумленнасці дайшлі да такой ступені, што для таго, каб прымусіць іх, неабходна было звярнуцца да ўлады. Ліст гэты быў і прыемным і непрыемным для Нехлюдава. Прыемна было адчуваць сваю ўладу над вялікай уласнасцю і непрыемна было тое, што ў часе свае першае маладосці ён быў палкім прыхільнікам Герберта Спенсера і асабліва, сам будучы буйным землеўласнікам, быў здзіўлен яго словамі ў „Social statics“ пра тое, што справядлівасць не дазваляе прыватнай зямельнай уласнасці. Са шчырасцю і рашучасцю маладосці ён не толькі гаварыў тады аб тым, што зямля не можа быць прыватнай уласнасцю, і не толькі ў універсітэце пісаў творы пра гэта, але і ў жыцці аддаў тады невялікую частку зямлі (якая належала не яго маці, а як спадчына ад бацькі яму асабова) мужыкам, не жадаючы супроць сваіх перакананняў валодаць зямлёй. Цяпер, атрымаўшы спадчыну і зрабіўшыся буйным землеўласнікам, ён павінен быў учыніць адно з двух: або адмовіцца ад сваёй уласнасці, як гэта ён зрабіў дзесяць год перад гэтым у дачыненні да 200 дзесяцін бацькоўскай зямлі, або маўклівай згодай прызнаць усе свае ранейшыя думкі памылковымі і няправільнымі.

Першага ён не мог зрабіць, бо ў яго не было ніякіх, апрача зямлі, сродкаў існавання. Служыць ён не хацеў, а тымчасам ужо былі набыты арыстакратычныя звычаі жыцця, ад якіх ён лічыў, што не можа збавіцца. Ды і не было прычыны, бо не было ўжо ні той сілы пераканання, ні той