Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/180

Гэта старонка не была вычытаная

— Што я хачу выправіць сваю віну, — прадаўжаў Нехлюдаў, — выправіць не словамі, а справай. Я парашыў ажаніцца з вамі.

Твар яе раптам выказаў сполах. Касыя вочы яе, спыніўшыся, глядзелі і не глядзелі на яго.

— Гэта яшчэ навошта спатрэбілася? — вымавіла яна, злосна хмурачыся.

— Я адчуваю, што я перад богам павінен зрабіць гэта.

— Якога яшчэ бога там знайшлі? Усё вы не тое гаворыце. Бога? Якога бога? Вось вы-б тады памяталі бога, — сказала яна і, адкрыўшы рот, спынілася.

Нехлюдаў толькі цяпер пачуў моцны пах віна з яе рота і зразумеў прычыну яе ўзбуджэння.

— Супакойцеся, — сказаў ён.

— Няма чаго мне супакойвацца. Ты думаеш, я п‘яная? Я і п‘яная, але памятаю, што кажу, — хутка загаварыла яна і ўся барвова пачырванела: — Я катаржная, б…, а вы пан, князь, і няма чаго табе са мной пэцкацца. Ідзі да сваіх князёўнаў, а мая цана — красненькая.

— Як-бы жорстка ты ні гаварыла, ты мне не можаш сказаць таго, што я адчуваю, — дрыжучы ўсім целам, ціха сказаў Нехлюдаў, — ні можаш сабе ўявіць, да якой ступені я адчуваю сваю віну перад табой!..

— Адчуваю віну… — злосна перадражніла яна. — Тады не адчуваў, а сунуў 100 рублёў. — Вось — твая цана…

— Ведаю, ведаю, але што-ж цяпер рабіць? — сказаў Нехлюдаў. — Цяпер я парашыў, што не пакіну цябе; што сказаў, тое зраблю.

— А я кажу, не зробіш! — вымавіла яна і голасна засмяялася.

— Кацюша! — пачаў ён, дакранаючыся да яе рукі.

— Ідзі ад мяне. Я катаржная, а ты князь, і няма чаго табе тут быць, — ускрыкнула яна, са змененым ад гневу выглядам, вырываючы ў яго руку. Ты мной хочаш выратавацца, — працягвала яна, стараючыся хутчэй выказаць усё, што ўзнялося ў яе душы. — Ты мной у гэтым жыцці цешыўся, мной-жа хочаш і на тым свеце выратавацца! Брыдкі ты мне, і акуляры твае, і тлустая, паганая ўся морда твая.