Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/181

Гэта старонка не была вычытаная

Ідзі, ідзі ты! — закрычала яна, энергічна ўскочыўшы на ногі.

Надзірацель падышоў да іх.

— Ты што скандаліш! Хіба гэтак можна…

— Пакіньце, калі ласка, — сказаў Нехлюдаў.

— Каб не забывалася, — сказаў надзірацель.

— Не, пачакайце, калі ласка, — сказаў Нехлюдаў.

Надзірацель адышоў зноў да акна.

Маслава зноў села, апусціўшы вочы і моцна сціснуўшы свае скрыжаваныя пальцамі маленькія рукі.

Нехлюдаў стаяў перад ёю, не ведаючы, што рабіць.

— Ты не верыш мне, — сказаў ён.

— Што вы жаніцца хочаце — не будзе гэтага ніколі. Павешуся хутчэй! Вось вам.

— Я ўсё-ж буду служыць табе.

— Ну, гэта ваша справа. Толькі мне ад вас нічога не трэба. Гэта я шчыра вам кажу, — сказала яна. — І чаму я не памерла тады? — дадала яна і заплакала жаласлівым плачам.

Нехлюдаў не мог гаварыць: яе слёзы перадаліся яму.

Яна падняла вочы, зірнула на яго, нібы здзівілася, і пачала выціраць хусцінкай слёзы, якія цяклі па шчаках.

Надзірацель цяпер зноў падышоў і напомніў, што пара разыходзіцца. Маслава ўстала.

— Вы цяпер усхваляваны. Калі можна будзе, я заўтра прыеду. А вы падумайце, — сказаў Нехлюдаў.

Яна нічога не адказала і, не гледзячы на яго, вышла за надзірацелем.


— Ну, дзеўка, зажывеш цяпер, — гаварыла Караблёва Маславай, якая вярнулася ў камеру. — Відаць, здорава ў цябе ўтрэскаўся; не спі ў шапку, пакуль ён ездзіць. Ён выручыць. Багатым людзям усё можна.

— Гэта як ёсць, — пявучым голасам гаварыла старажыха. — Беднаму жаніцца і ноч кароткая, багатаму толькі задумаў, загадаў, — усё табе як пажадаў, гэтак і здзейсніцца. У нас гэткі, лябёдка, шаноўны, так што зрабіў…

— Што-ж, пра маю справу гаварыла? — запытала бабулька.