Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/182

Гэта старонка не была вычытаная

Але Маслава не адказвала сваім таварышкам, а лягла на нары і з утаропленымі ў кут касымі вачыма ляжала так да вечара. У ёй ішла пакутлівая работа. Тое, што ёй сказаў Нехлюдаў, выклікала яе ў той свет, у якім яна пакутвала і з якога пайшла, не зразумеўшы і ўзненавідзеўшы яго. Яна цяпер згубіла тое забыццё, у якім жыла, а жыць з яснай памяццю аб тым, што было, было занадта пакутліва. Увечары яна зноў купіла віна і напілася разам з сваімі таварышкамі.


XLIX

„Але, дык вось яно што. Вось што“, думаў Нехлюдаў выходзячы з турмы і толькі цяпер цалкам разумеючы ўсю віну сваю. Калі-б ён не паспрабаваў выправіць, апраўдаць свой учынак, ён ніколі-б не адчуў усёй злачыннасці яго; мала таго, і яна-б не адчувала ўсяго зла, зробленага ёй. Толькі цяпер гэта ўсё вышла на свет ва ўсёй сваёй жахлівасці. Ён убачыў цяпер толькі тое, што ён зрабіў з душой гэтай жанчыны, і яна ўбачыла і зразумела, што было зроблена з ёю. Раней Нехлюдаў іграў сваім пачуццём любавання самаго на сябе, на сваё раскайванне; цяпер яму проста было страшна. Пакінуць яе — ён адчуваў гэта — цяпер ён не мог, а тым часам не мог сабе ўявіць, што выйдзе з яго адносін да яе.

На самым выхадзе да Нехлюдава падышоў надзірацель з крыжамі і медалямі і непрыемным, ліслівым тварам і таямнічна перадаў яму запіску.

— Вось вашаму сіяцельству запіска ад адной асобы… — сказаў ён, даючы Нехлюдаву канверт.

— Якой асобы?

— Прачытайце, — убачыце. Зняволеная, палітычная. Я пры іх знаходжуся. Дык вось яна прасіла мяне. І хаця і не дазволена, але па-чалавецтву… — ненатуральна гаварыў надзірацель.

Нехлюдаў здзівіўся, якім чынам надзірацель, прыстаўлены да палітычных, перадае запіскі, і ў самой турме, амаль на віду ва ўсіх; ён не ведаў яшчэ тады, што гэта быў і надзірацель і шпіён, але ўзяў запіску і, выходзячы з