Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/183

Гэта старонка не была вычытаная

турмы, прачытаў яе. У запісцы было напісана алоўкам, жвавым пачыркам, без ераў, наступнае:

„Даведаўшыся, што вы наведваеце астрог, цікавячыся адной крымінальнай асобай, мне захацелася пабачыцца з вамі. Прасіце спаткання са мной. Вам дадуць, а я перадам вам многа важнага і для вашай пратэжэ і для нашай групы. Удзячная вам Вера Богадухоўская“.

Вера Богадухоўская была настаўніца ў глухой Ноўгарадскай губерні, куды Нехлюдаў з таварышамі заехаў для палявання на мядзведзяў. Настаўніца гэта звярнулася да Нехлюдава з просьбай даць ёй грошай, каб ехаць на курсы. Нехлюдаў даў ёй гэтыя грошы і забыў пра яе. Цяпер сталася так, што гэта пані была палітычная злачынніца, сядзела ў турме, дзе, напэўна, даведалася пра яго гісторыю, і вось прапанавала яму свае паслугі. Як тады ўсё было лёгка і проста. І як цяпер усё цяжка і складана. Нехлюдаў жыва і радасна ўспомніў той час і сваё знаёмства з Богадухоўскай. Гэта было перад масленіцай, у глушы, вёрст за шэсцьдзесят ад чыгункі. Паляванне было шчаслівае, забілі двух мядзведзяў і абедалі, збіраючыся ад‘язджаць, калі гаспадар хаты, у якой спыняліся, прышоў сказаць, што прышла дзяканава дачка, хоча пабачыцца з князем Нехлюдавым.

— Прыгожанькая? — запытаў нехта.

— Ну, досыць! — сказаў Нехлюдаў, зрабіў сур‘ёзны твар, устаў з-за стала і, выціраючы рот і здзіўляючыся, навошта ён спатрэбіўся дзяканавай дачцы, пайшоў у гаспадарову хату.

У пакоі была дзяўчына ў лямцавым капелюшы, у кажуху, жылістая, з худым непрыгожым тварам, у якім пекнымі былі адны вочы з паднятымі над імі бровамі.

— Вось, Вера Ефрэмаўна, пагавары з імі, — сказала бабулька-гаспадыня, — гэта самы князь. А я пайду.

— Чым магу вам служыць? — сказаў Нехлюдаў.

— Я… я… Бачыце, вы багаты, вы кідаеце грошы на вецер, на паляванне, я ведаю, — пачала дзяўчына, вельмі саромечыся, — а я хачу толькі аднаго — хачу быць карыснай для людзей, і нічога не магу, таму што нічога не ведаю.