Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/184

Гэта старонка не была вычытаная

Вочы былі праўдзівыя, добрыя, і ўвесь выраз рашучасці і сарамяжнасці быў такім мілым, што Нехлюдаў, як гэта бывала з ім, раптам перанёсся ў яе становішча, зразумеў яе і пашкадаваў.

— Што-ж я магу зрабіць?

— Я настаўніца, але хацела-б на курсы, і мяне не пускаюць. Не тое, што не пускаюць, яны пускаюць, але патрэбны сродкі. Дайце мне, і я скончу курс і заплачу вам. Я думаю, багатыя людзі б‘юць мядзведзяў, мужыкоў пояць — усё гэта дрэнна. Чаму-б ім не зрабіць добрую справу? Мне патрэбна-б толькі 80 рублёў. А не хочаце, мне ўсё-адно, — сярдзіта сказала яна.

— Наадварот, я вельмі ўдзячны вам, што вы мне далі выпадак… Я зараз прынясу, — сказаў Нехлюдаў.

Ён вышаў у сенцы і тут заспеў таварыша, які падслухоўваў іхнюю размову. Ён, не адказваючы на жарты таварышоў, дастаў з сумкі грошы і панёс ёй.

— Калі ласка, калі ласка, не дзякуйце. Я вам павінен дзякаваць.

Нехлюдаву прыемна было цяпер успомніць усё гэта, прыемна было ўспомніць, як ён ледзьве не пасварыўся з афіцэрам, які хацеў зрабіць з гэтага нядобры жарт, як другі таварыш падтрымаў яго, і як ад гэтага бліжэй сышоўся з ім, і як усё паляванне было шчаслівым і вясёлым і як яму было добра, калі яны варочаліся ўначы назад да чыгуначнай станцыі. Чарада саней парамі цугам рухалася без шуму трушком па вузкай дарозе лясамі, часам высокімі, часам нізкімі, з ялінкамі, зусім задаўленымі цэльнымі ляпёшкамі снегу. У цемрадзі, бліскаючы чырвоным агнём, закурываў хто-небудзь папяросу з добрым пахам, Осіп, абкладчык, перабягаў ад саней да саней, па калені ў снезе і падсядаў, расказваючы пра лосяў, якія цяпер ходзяць па глыбокім снезе і грызуць асінавую кару, і пра мядзведзяў, якія ляжаць цяпер у сваіх цёмных бярлогах, сапучы ў прадушыны цёплым дыханнем.

Нехлюдаву ўспомнілася ўсё гэта і больш за ўсё шчаслівае пачуццё разумення свайго здароўя, сілы і бесклапот-