Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/187

Гэта старонка не была вычытаная

таго, што яго ўсе прылічалі да нейкай партыі і называлі лібералам толькі таму, што ён, судзячы чалавека, гаварыў, што трэба раней выслухаць яго, што перад судом усе людзі роўныя, што не трэба мучыць і біць людзей наогул, а асабліва такіх, якія не асуджаны. — Не ведаю, ці ліберал я, ці не, але толькі ведаю, што цяперашнія суды, якія яны ні дрэнныя, усё-ж такі лепей, чым ранейшыя.

— А каго ты ўзяў адвакатам?

— Я звярнуўся да Фанарына.

— Ах, Фанарын! — зморшчыўшыся, сказаў Масленнікаў, успамінаючы, як у мінулым годзе гэты Фанарын на судзе дапытваў яго як сведку, і з далікатнейшай пачцівасцю на працягу поўгадзіны падымаў на смех. — Я-б не параіў табе мець з ім справу. Фанарын — est in homme taré[1].

— І яшчэ да цябе просьба, — не адказваючы яму, сказаў Нехлюдаў. — Даўно вельмі я ведаў адну дзяўчыну — настаўніцу. Яна вельмі жалкая істота і цяпер у турме, а жадае пабачыцца са мной. Можаш ты мне даць і да яе пропуск?

Масленнікаў крыху ўбок схіліў галаву і задумаўся.

— Гэта палітычная?

— Але, мне сказалі так.

— Вось бачыш, спатканні з палітычнымі даюцца толькі сваякам, але табе я дам агульны пропуск. Je sats que vous n‘abuserez pas…[2] Як яе клічуць, тваю protegée?.. Богадухоўскай? Elle est jolie?[3].

— Hideuse[4].

Масленнікаў з непрыемнасцю паківаў галавой, падышоў да стала і на паперы з друкаваным загалоўкам шпарка напісаў: „Прад‘яўніку гэтага, князю Дзмітрыю Іванавічу Нехлюдаву, дазваляю спатканне ў турэмнай канторы са зняволенай мяшчанкай Маславай, таксама і з фельчарыцай Богадухоўскай“, дапісаў ён і зрабіў размашысты росчырк.

— Вось ты пабачыш, які парадак там. А захаваць там парадак вельмі цяжка, таму што перапоўнена, асабліва

  1. Чалавек з падарванай рэпутацыяй.
  2. Я ведаю, што ты не будзеш злоўжываць…
  3. Яна прыгожанькая?
  4. Вельмі непрыгожая.