Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/188

Гэта старонка не была вычытаная

перасыльнымі; але я ўсё-ж пільна даглядаю і люблю гэту справу. Ты ўбачыш — ім там вельмі добра, і яны задаволены. Толькі трэба ўмець абыходзіцца з імі. Вось надоечы была непрыемнасць — непадначальванне. Іншы прызнаў-бы гэта бунтам і зрабіў-бы многа няшчасных. А ў нас прайшло ўсё вельмі добра. Патрэбна, з аднаго боку, дбайнасць, з другога — цвёрдая ўлада, — сказаў ён, сціскаючы белы пухлы кулак з бірузовым перснем, які выпіраўся з-за белага калянага рукава кашулі, — дбайнасць і цвёрдая ўлада.

— Ну, гэтага я не ведаю, — сказаў Нехлюдаў, — я быў там два разы, і мне было цяжка.

— Ведаеш што? Табе трэба сайціся з графіняй Пасек, — прадаўжаў, разгаварыўшыся, Масленнікаў, — яна ўся аддалася гэтай справе. Elle fait beaucoup de bien[1]. Дзякуючы ёй, мабыць, і мне, без фальшывай скромнасці скажу, удалося ўсё змяніць, і змяніць так, што няма ўжо тых жахаў, якія былі раней, а ім проста там вельмі добра. Вось ты ўбачыш. Вось Фанарын, я не ведаю яго асабова, ды і па майму грамадскаму становішчу нашы шляхі не зыходзяцца, але ён канчаткова дрэнны чалавек, разам з тым дазваляе сабе гаварыць на судзе гэткія рэчы, гэткія рэчы…

— Ну, дзякую, — сказаў Нехлюдаў, узяўшы паперу, і, не даслухаўшы, развітаўся з сваім былым таварышам.

— А да жонкі ты не пойдзеш?

— Не, выбачай, цяпер не маю часу.

— Ну, як-жа, яна не даруе мне, — гаварыў Масленнікаў, праводзячы былога таварыша да першай пляцоўкі сходняў, як ён праводзіў людзей не першай важнасці, а другой важнасці, да якіх ён прылічаў Нехлюдава. — Не, калі ласка, зайдзі хаця на мінутку.

Але Нехлюдаў астаўся цвёрды, і ў той час, калі лёкай і швейцар падскоквалі да Нехлюдава, даючы яму паліто і кій, і адчынялі дзверы, каля якіх знадворку стаяў гарадавы, ён сказаў, што ніяк не можа цяпер.

— Ну, дык у чацвер, калі ласка. Гэта яе прыймовы дзень. Я ёй скажу! — пракрычаў яму Масленнікаў са сходняў.

  1. Яна робіць многа добрага.