Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/189

Гэта старонка не была вычытаная

LI

У той самы дзень, проста ад Масленнікава прыехаўшы ў турму, Нехлюдаў накіраваўся да знаёмай ужо кватэры сматрыцеля. Зноў чуліся тыя самыя, як і той раз, гукі дрэннага фартэп‘яна, але цяпер ігралася не рапсодыя, а эцюды Клеменці, таксама з незвычайнай сілай, выразнасцю і хуткасцю. Пакаёўка з падвязаным вокам, адчыняючы, сказала, што капітан дома, і правяла Нехлюдава ў маленькую гасціную з канапай, сталом і абпаленым з аднаго боку ружовым папяровым каптурком вялікай лямпы, якая стаяла на шарсцянай вязанай сарветачцы. Вышаў галоўны сматрыцель са змучаным, сумным тварам.

— Прашу пакорліва, што патрэбна? — сказаў ён, зашпільваючы сярэднюю пугаўку свайго мундзіра.

— Я вось быў у віцэ-губернатара, і вось дазвол, — сказаў Нехлюдаў, даючы паперу. — Я жадаў-бы бачыць Маславу.

— Маркаву? — перапытаў сматрыцель, не дачуўшы з-за музыкі.

— Маславу.

— Ну, але! Ну, але!

Сматрыцель устаў і падышоў да дзвярэй, з якіх чуліся рулады Клеменці.

— Маруся, хаця крыху пачакай, — сказаў ён голасам, па якому відаць было, што гэта музыка складала крыж яго жыцця, — нічога не чутна.

Фартэп‘яна змоўкла, пачуліся незадаволеныя крокі, і нехта заглянуў у дзверы.

Сматрыцель, быццам адчуваючы палягчэнне ад гэтага перапынку музыкі, закурыў тоўстую папяросу з слабага тытуну і прапанаваў Нехлюдаву. Нехлюдаў адмовіўся.

— Дык вось я-б жадаў бачыць Маславу.

— Маславу сёння нязручна бачыць, — сказаў сматрыцель.

— Чаму?

— Ды так, вы самі вінаваты, — злёгку ўсміхаючыся, сказаў сматрыцель. — Князь, не давайце вы ёй самой грошы. Калі жадаеце, дайце мне. Усё будзе належаць ёй. А то