Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/190

Гэта старонка не была вычытаная

ўчора вы ёй, напэўна, далі грошай, яна дастала віна — ніяк не знішчыш гэта зло — і сёння напілася зусім, так што нават буянай зрабілася.

— Ды няўжо?

— Як-жа, нават павінен быў захады ўздзейнічання ўжыць — перавёў у іншую камеру. Так яна жанчына рахманая, але грошай вы, калі ласка, не давайце. Гэта такі народ…

Нехлюдаў жыва ўспомніў учарашняе, і яму зрабілася зноў страшна.

— А Богадухоўскую, палітычную, можна бачыць? — запытаў Нехлюдаў, памаўчаўшы.

— Што-ж, гэта можна, — сказаў сматрыцель. — Ну, ты чаго, — звярнуўся ён да дзяўчынкі гадоў пяці ці шасці, якая прышла ў пакой, і накіроўвалася да бацькі, павярнуўшы галаву так, каб не зводзіць вачэй з Нехлюдава. — Вось і ўпадзеш, сказаў сматрыцель, усміхаючыся на тое, як дзяўчынка, не гледзячы перад сабой, зачапілася за дыван і падбегла да бацькі.

— Дык, калі можна, я-б пайшоў.

— Калі ласка, можна, — сказаў сматрыцель, абняўшы дзяўчынку, якая ўсё глядзела на Нехлюдава, устаў і, ласкава адхіліўшы дзяўчынку, вышаў у прадпакой.

Яшчэ сматрыцель не паспеў адзець паданае яму падвязанай дзяўчынай паліто і выйсці ў дзверы, як зноў загучэлі выразныя рулады Клеменці.

— У кансерваторыі была, але там непарадкі. А вялікі талент, — сказаў сматрыцель, ідучы ўніз, па сходнях. — Хоча выступаць на канцэртах.

Сматрыцель з Нехлюдавым падышлі да турмы. Фортка ўмомант адчынілася пры набліжэнні сматрыцеля. Надзірацелі, узяўшы пад казырок, праводзілі яго вачыма. Чатыры чалавекі з паголенымі поўгаловамі і несучы кадкі з нечым, сустрэліся ім у прадпакоі, і ўсе сціснуліся, убачыўшы сматрыцеля. Адзін асабліва прыгнуўся і панура нахмурыўся, бліскаючы чорнымі вачыма.

— Зразумела, талент трэба ўдасканальваць, нельга зарываць, але ў маленькай кватэры, ведаеце, цяжка бывае, —