Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/191

Гэта старонка не была вычытаная

прадаўжаў сматрыцель размову, не звяртаючы на гэтых арыштантаў ніякай увагі, і, стомленымі крокамі цягнучы ногі, прайшоў, разам з Нехлюдавым, у зборную.

— Вы каго бачыць жадалі? — запытаў сматрыцель.

— Богадухоўскую.

— Гэта з вежы? Вам пачакаць давядзецца, — звярнуўся ён да Нехлюдава.

— А ці нельга мне пакуль пабачыць арыштантаў Меншовых — маці з сынам, іх абвінавачваюць за падпал.

— А гэта з 21 камеры? Што-ж, можна іх выклікаць.

— А ці нельга мне пабачыць Меншова ў яго камеры?

— Дык вам спакайней у зборнай.

— Не, мне цікава.

— Вось знайшлі цікавае.

У гэты час з бакавых двярэй вышаў франтаваты афіцэр-памочнік.

— Вось адвядзіце князя ў камеру, да Меншова. Камера 21-я, — сказаў сматрыцель памочніку, — а потым у кантору. А я паклічу. Як яе зваць?

— Вера Богадухоўская, — сказаў Нехлюдаў.

Памочнік сматрыцеля быў бялявы малады, з нафарбаванымі вусамі афіцэр, які пашыраў вакол сябе пах кветкавага адэкалону.

— Калі ласка, — звярнуўся ён да Нехлюдава з прыемнай усмешкай. — Цікавіцеся нашай установай?

— Але, і цікаўлюся я гэтым чалавекам, які, як мне сказалі, зусім без віны патрапіў сюды.

Памочнік павёў плячамі.

— Але, гэта бывае, — спакойна сказаў ён, пачціва ўперад сябе прапускаючы госця ў шырокі смуродны калідор. — Бывае, і хлусяць яны. Калі ласка.

Дзверы камер былі адамкнуты, і некалькі арыштантаў было ў калідоры. Ледзь прыкметна ківаючы надзірацелям і пазіраючы скоса на арыштантаў, якія або, прыціскаючыся да сцен, праходзілі ў свае камеры, або, выцягнуўшы рукі па швах і па-салдацку праводзячы вачыма начальства, спыняліся каля дзвярэй, памочнік правёў Нехлюдава цераз адзін калідор, падвёў яго да другога калідора, зачыненага жалезнымі дзвярыма.