Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/192

Гэта старонка не была вычытаная

Калідор гэты быў вузей, цямней і яшчэ больш смярдзючы, чым першы. У калідоры з абодвух бакоў выходзілі дзверы, замкнёныя замкамі. У дзвярах былі дзірачкі, так званыя вочкі, поўвяршка дыяметрам. У калідоры нікога не было, апрача дзядка-надзірацеля з сумным, зморшчаным тварам.

— У каторай Меншоў? — запытаў памочнік надзірацеля.

— Восьмая налева.


LII

— Можна паглядзець? — запытаў Нехлюдаў.

— Зрабіце ласку, — з прыемнай усмешкай сказаў памочнік і пачаў нешта запытваць у надзірацеля. Нехлюдаў заглянуў у адну дзірачку: там высокі малады чалавек у адной балізне, з маленькай чорнай бародкай, хутка хадзіў узад і ўперад; пачуўшы шолах каля дзвярэй, ён зірнуў, нахмурыўся і прадаўжаў хадзіць.

Нехлюдаў заглянуў у другую дзірачку: вока яго сустрэлася з другім спалоханым вялікім вокам, якое глядзела ў шчыліну; ён адразу-ж адхіліўся. Заглянуўшы ў трэцяе вочка, ён убачыў на ложку соннага, вельмі маленькага росту, скурчанага чалавека, з галавой накрытага халатам. У чацвертай камеры сядзеў шырокатвары бледны чалавек, нізка апусціўшы галаву і абапёршыся лакцямі на калені. Пачуўшы крокі, чалавек гэты падняў галаву і паглядзеў. Ва ўсім абліччы, асабліва ў вялікіх вачах, быў выраз безнадзейнага суму. Яго, відавочна, не цікавіла даведацца, хто глядзіць у яго камеру. Хто-б ні глядзеў, ён відавочна не чакаў ні ад каго нічога добрага. Нехлюдаву зрабілася страшна; ён перастаў заглядваць і падышоў да 21-й камеры Меншова. Надзірацель адамкнуў замок і адчыніў дзверы. Малады, з доўгай шыяй, мускулісты чалавек, з добрымі, круглымі вачыма і маленькай бародкай стаяў каля ложка і з спалоханым тварам, паспешна адзяваючы халат, глядзеў на іх. Асабліва здзівілі Нехлюдава добрыя, круглыя вочы, запытальна і спалохана перабягаючыя з яго на надзірацеля, на памочніка і зноў на яго.

— Вось пан хоча пра тваю справу распытаць.