Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/193

Гэта старонка не была вычытаная

— Пакорліва дзякуем.

— Так, мне расказвалі пра вашу справу, — сказаў Нехлюдаў, праходзячы ў глыб камеры і спыняючыся каля бруднага акна ў кратах, — і хацелася-б ад вас саміх пачуць.

Меншоў падышоў таксама да акна і адразу-ж пачаў расказваць, спачатку нясмела паглядаючы на сматрыцеля, потым усё смялей і смялей; калі-ж сматрыцель зусім пайшоў з камеры ў калідор, аддаючы там нейкія загады, ён зусім пасмялеў. Расказ гэты па мове і манерах быў расказ самага простага, добрага мужыцкага хлопца, і Нехлюдаву было асабліва дзіўна чуць гэты расказ з вуснаў арыштанта ў ганебнай вопратцы і ў турме. Нехлюдаў слухаў і разам з тым аглядаў і нізкі ложак з саламяным сенніком, і акно з таўстымі жалезнымі кратамі, і брудныя адсырэлыя і замазаныя сцены, і ўбогі твар, і постаць няшчаснага, скалечанага мужыка ў котах і халаце, і яму рабілася ўсё сумней і сумней; не хацелася верыць, каб было праўда тое, што расказваў гэты добрадушны чалавек, — гэтак было страшна думаць, што маглі людзі нізавошта, толькі за тое, што яго-ж пакрыўдзілі, схапіць чалавека і, адзеўшы яго ў арыштанцкую вопратку, пасадзіць у гэта жахлівае месца. А між тым яшчэ жахлівей было думаць, каб гэты праўдзівы расказ, з гэтым добрадушным тварам, быў-бы ашуканствам і выдумкай. Расказ складаўся з таго, што цалавальнік неўзабаве пасля жаніцьбы адбіў у яго жонку. Ён шукаў закона ўсюды. Усюды шынкар падкупляў начальства, і яго апраўдвалі. Аднаго разу ён сілком павёў жонку, яна ўцякла наступным днём. Тады ён прышоў патрабаваць сваю жонку. Шынкар сказаў, што жонкі яго няма (а ён бачыў яе, уваходзячы), і загадаў яму выйсці. Ён не пайшоў, цалавальнік з работнікам пабілі яго да крыві, а наступным днём загарэўся ў цалавальніка двор. Яго абвінавацілі з маткай, а ён не падпальваў, а быў у кума.

— І сапраўды ты не падпальваў?

— І думкі, пане, не меў. А ён, ліхадзей мой, напэўна сам падпаліў. Казалі, ён толькі застрахаваў. А на нас з маці сказалі, што мы былі, пагражалі яму. Яно так, я той раз аблаяў яго, не выцерпела сэрца. А падпальваць не пад-