Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/195

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну вось замкнулі ў турме. Сядзім другі месяц, самі не ведаем, завошта.

— Праўда, гэта выпадкова, — сказаў памочнік сматрыцеля, — за бяспашпартнасць узялі гэтых людзей, і трэба было адаслаць іх у іхнюю губерню, а там турма згарэла, і губернскае кіраўніцтва паведаміла нас, каб не дасылаць да іх. Вось мы ўсіх з іншых губерняў разаслалі, а гэтых трымаем.

— Як, толькі таму? — запытаў Нехлюдаў, спыняючыся ў дзвярах.

Натоўп, чалавек 40, усе ў арыштанцкіх халатах, абкружыў Нехлюдава і памочніка. Адразу пачалі гаварыць неалькі галасоў. Памочнік спыніў.

— Гаварыце адзін хто-небудзь.

З усіх вылучыўся высокі прыстойны селянін, год пад пяцьдзесят. Ён растлумачыў Нехлюдаву, што іх усіх выслалі і пасадзілі ў турму за тое, што ў іх не было пашпартоў. Пашпарты-ж у іх былі, але толькі пратэрмінаваныя тыдні на два. Кожны год бывалі так пратэрмінаваны пашпарты, і нічога не спаганялі, а цяпер узялі ды вось другі месяц трымаюць тут, як злачынцаў.

— Мы ўсе па каменнай рабоце, усе адной арцелі. Кажуць, у губерні турма згарэла. Дык мы ў гэтым не вінаваты. Зрабіце боскую ласку.

Нехлюдаў слухаў і амаль не разумеў таго, што гаварыў стары прыстойны чалавек, таму што ўся ўвага яго была паглынута вялікай цёмнашэрай шматногай вошшу, якая паўзла паміж валасоў па шчацэ прыстойнага муляра.

— Як-жа гэтак? Няўжо толькі за гэта? — гаварыў Нехлюдаў, звяртаючыся да сматрыцеля.

— Але, начальства зрабіла памылку, іх-бы трэба паслаць на месца жыхарства, — гаварыў памочнік.

Толькі што сматрыцель скончыў, як з натоўпу вылучыўся маленькі чалавечак, таксама ў арыштанцкім халаце, пачаў, дзіўна крывячы ротам, гаварыць аб тым, што іх тут мучаць нізавошта.

— Горш сабак… — пачаў ён.