Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/196

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, ну, лішняга таксама не размаўляй, маўчы, а то ведаеш…

— Што мне ведаць, — у роспачы пачаў гаварыць маленькі чалавечак. — Хіба мы ў чым вінаваты?

— Маўчаць! — крыкнуў начальнік, і маленькі чалавечак замаўчаў.

„Што-к гэта такое?“ — гаварыў сабе Нехлюдаў, выходзячы з камеры, як быццам ідучы скрозь строй міма сотні вачэй арыштантаў, якія выглядалі з-за дзвярэй і сустракаліся на дарозе.

— Няўжо сапраўды трымаюць так проста невінаватых людзей? — вымавіў Нехлюдаў, калі яны вышлі з калідора.

— Што-ж скажаце рабіць? Але толькі і багата яны хлусяць. Паслухаеш іх — усе невінаваты, — гаварыў памочнік сматрыцеля.

— Але-ж гэтыя не вінаваты ні ў чым.

— Гэта яшчэ невядома. Але толькі народ вельмі папсаваны. Без строгасці немагчыма. Ёсць гэткія тыпы пахабныя, таксама пальца ў рот не кладзі. Вось учора дваіх прымушаны былі пакараць.

— Як пакараць? — сказаў Нехлюдаў.

— Розгамі пакаралі згодна прадпісання…

— Але-ж цялеснае пакаранне адменена.

— Не для пазбаўленых праў. Гэтыя падлягаюць.

Нехлюдаў успомніў усё, што ён бачыў учора, чакаючы ў сенцах, і зразумеў, што пакаранне адбывалася іменна ў той час, калі ён чакаў, і яго з асаблівай сілай ахапіла тое змешанае пачуццё цікаўнасці, суму, неўразумення і маральнай моташнасці, пераходзячай амаль у фізічную моташнасць, якое надыходзіла і раней, але ніколі з гэткай сілай не ахапляла яго.

Не слухаючы памочніка сматрыцеля і не гледзячы вакол сябе, ён паспешна вышаў з калідораў і накіраваўся ў кантору. Сматрыцель быў у калідоры і, заняўшыся іншымі справамі, забыў выклікаць Богадухоўскую. Ён успомніў, што абяцаў выклікаць яе, толькі тады, калі Нехлюдаў увайшоў у кантору.

— Зараз я пашлю за ёю, а вы пасядзіце, — сказаў ён.