Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/197

Гэта старонка не была вычытаная

LIV

Кантора змяшчалася ў двух пакоях. У першым пакоі, з вялікай аблезлай печкай і двума бруднымі вокнамі, стаяла ў адным кутку чорная мерка для вымервання росту арыштантаў, у другім кутку вісеў — звычайная прыналежнасць усіх месцаў катавання, нібы для глумлення з яго вучэння, — вялікі абраз хрыста. У гэтым першым пакоі стаяла некалькі надзірацеляў. У другім-жа пакоі сядзелі каля сценаў і асобнымі групамі ці парачкамі чалавек дваццаць мужчын і жанчын і паціху гутарылі. Каля акна стаяў пісьмовы стол.

Сматрыцель сеў каля пісьмовага стала і прапанаваў Нехлюдаву крэсла, што стаяла побач. Нехлюдаў сеў і пачаў разглядаць прысутных.

Раней за ўсё ён звярнуў увагу на маладога чалавека ў кароткай жакетцы з прыемным тварам, які, стоячы перад немаладой ужо чорнабровай жанчынай, нешта горача і з жэстамі рук гаварыў ёй. Побач сядзеў стары чалавек у сініх акулярах і нерухома слухаў, трымаючы за руку маладую жанчыну ў арыштанцкім адзенні, якая нешта расказвала яму. Хлопчык-рэаліст з утаропленым спалоханым выглядам твара, не адводзячы вачэй глядзеў на старога. Недалёка ад іх, у кутку, сядзела парачка закаханых: яна была з кароткімі валасамі і з энергічным тварам, бялявая, прыгожая, зусім маладзенькая дзяўчына ў модным плацці; ён — з тонкімі рысамі твара і кучаравымі валасамі прыгожы юнак у гутаперчавай куртачцы. Яны сядзелі ў кутку і шапталіся, напэўна млеючы ад кахання. Бліжэй-жа ўсіх да стала сядзела сівая ў чорным адзенні жанчына, відаць маці. Яна глядзела прагна на маладога чалавека з сухотным выглядам у такой самай куртачцы і хацела нешта сказаць, але не магла вымавіць ад слёз: і пачынала і спынялася. Малады чалавек трымаў у руках паперку і, відаць, не ведаючы, што яму рабіць, з сярдзітым тварам перагінаў і камячыў яе. Каля іх сядзела поўная, румяная, прыгожая дзяўчына з вельмі пукатымі вачыма, у шэрым плацці і пелярынцы. Яна сядзела побач з заплаканай маці і ласкава гладзіла яе плечы. Усё было прыгожа ў гэтай дзяўчыны: і вялікія