Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/198

Гэта старонка не была вычытаная

белыя рукі, і кучаравыя абстрыжаныя валасы, і моцныя нос і губы; але галоўнай прывабнасцю яе твара былі карыя, барановыя, добрыя, праўдзівыя вочы. Прыгожыя вочы яе адарваліся ад твара маці ў тую мінуту, калі ўвайшоў Нехлюдаў, і сустрэліся з яго поглядам. Але адразу-ж яна адвярнулася, і нешта пачала гаварыць маці. Недалёка ад закаханай парачкі сядзеў чорны калматы чалавек з панурым тварам і сярдзіта гаварыў нешта безбародаму наведвальніку, падобнаму да скапца. Нехлюдаў сеў побач з сматрыцелям і з напружанай ціканаўсцю глядзеў вакол сябе. Яго забавіў гладка стрыжаны дзіцёнак-хлопчык, які падышоў да яго і тоненькім галаском звярнуўся да яго з запытаннем:

— А вы каго чакаеце?

Нехлюдава здзівіла запытанне, але, зірнуўшы на хлопчыка і ўбачыўшы сур‘ёзны, удумлівы твар з уважлівымі, жывымі вачыма, сур‘ёзна адказаў яму, што чакае знаёмую жанчыну.

— Што-ж, яна вам сястра? — запытаў хлопчык.

— Не, не сястра, — адказаў здзіўлена Нехлюдаў. — А ты, з кім тут? — запытаў ён хлопчыка.

— Я з мамай. Яна палітычная, — з гонарам сказаў хлопчык.

— Мар‘я Паўлаўна, вазьміце Колю, — сказаў сматрыцель, знайшоўшы, відаць, процізаконным размову Нехлюдава з хлопчыкам.

Мар‘я Паўлаўна, тая самая прыгожая дзяўчына з барановымі вачыма, на якую звярнуў увагу Нехлюдаў, устала на ўвесь свой высокі рост і моцнай, шырокай, амаль мужчынскай хадой падышла да Нехлюдава і хлопчыка.

— Што ён у вас пытаецца, хто вы? — запытала яна ў Нехлюдава, злёгку ўсміхаючыся і даверліва гледзячы яму ў вочы так проста, нібы не магло быць сумнення ў тым, што яна з усімі была, ёсць і павінна быць у простых, ласкавых брацкіх адносінах. — Яму ўсё патрэбна ведаць, — сказала яна і зусім усміхнулася ў твар хлопчыку гэткай добрай, мілай усмешкай, што і хлопчык і Нехлюдаў — абодва мімаволі ўсміхнуліся на яе ўсмешку.

— Але, пытаўся ў мяне, да каго я.