Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/199

Гэта старонка не была вычытаная

— Мар‘я Паўлаўна, нельга размаўляць з староннімі. Вы-ж ведаеце, — сказаў сматрыцель.

— Добра, добра, — сказала яна і, узяўшы сваёй вялікай белай рукой за ручку Колю, які не зводзіў з яе вачэй, вярнулася да маці сухотнага.

— Чый-жа гэта хлопчык? — запытаў Нехлюдаў ужо ў сматрыцеля.

— Палітычнай адной, ён у турме і нарадзіўся, — адказаў сматрыцель з некаторым задавальненнем, нібы паказваючы рэдкасць сваёй установы.

— Няўжо?

— Але, вось цяпер едзе ў Сібір з маці.

— А гэта дзяўчына?

— Не магу вам адказваць, — сказаў сматрыцель, паводзячы плячыма. — А вось і Богадухоўская.


LV

З задніх дзвярэй вёрткай хадою вышла маленькая стрыжаная, худая, жоўтая Вера Ефрэмаўна, з сваімі вялікімі добрымі вачыма.

— Ну, дзякую, што прышлі, — сказала яна, паціскаючы руку Нехлюдава. — Успомнілі мяне? Сядзем.

— Не думаў вас знайсці гэтак.

— О, мне добра! Так добра, так добра, што лепшага і не жадаю, — гаварыла Вера Ефрэмаўна, як заўсёды, спалохана гледзячы сваімі велізарнымі добрымі круглымі вачыма на Нехлюдава і верцячы жоўтай тонкай-тонкай жылістай шыяй, якая выпіралася з-за ўбогіх, памятых і брудных каўнерчыкаў кофтачкі.

Нехлюдаў пачаў пытацца аб тым, як яна апынулася ў гэтым становішчы. Адказваючы яму, яна з вялікім ажыўленнем пачала расказваць аб сваёй справе. Мова яе была перасычана іншаземнымі словамі аб прапагандаванні, аб дэзарганізацыі, аб групах і секцыях і падсекцыях, аб якіх яна была, відаць, зусім упэўнена, што ўсе ведалі, а аб якіх Нехлюдаў ніколі не чуў.