Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/200

Гэта старонка не была вычытаная

Яна расказвала яму, відаць, зусім упэўненая, што яму вельмі цікава і прыемна ведаць усе тайны народавольства. Нехлюдаў-жа глядзеў на яе ўбогую шыю, на рэдкія зблытаныя валасы і здзіўляўся, навошта яна ўсё гэта рабіла і расказвала. Яму было шкада яе, але зусім не так, як было шкада Меншова мужыка, які без усякай віны з яго боку сядзеў у смярдзючай турме. Яе было шкада больш за ўсё за тую відавочную блытаніну, што была ў яе галаве. Яна, напэўна, лічыла сябе гераіняй, гатовай ахвяраваць жыццё для поспехаў сваёй справы, а тым часам бадай і не растлумачыла-б, з чаго складалася гэта справа і ў чым поспех яе.

Справа, аб якой хацела гаварыць Вера Ефрэмаўна з Нехлюдавым, была ў тым, што адна таварышка яе, нехта Шустава, якая нават і не належала да іхняй падгрупы, як яна казала, была схоплена пяць месяцаў перад гэтым разам з ёю і пасаджана ў Петрапаўлаўскую крэпасць толькі таму, што ў яе знайшлі кнігі і паперы, перададзеныя ёй на хаванне. Вера Ефрэмаўна лічыла сябе часткова вінаватай у зняволенні Шуставай і ўпрашала Нехлюдава, які меў сувязі, зрабіць усё магчымае для таго, каб вызваліць яе. Другая справа, аб якой прасіла Богадухоўская, была ў тым, каб дамагчыся зняволенаму ў Петрапаўлаўскай крэпасці Гуркевічу дазволу на спатканне з бацькамі і на атрыманне навуковых кніжак, якія яму патрэбны былі для яго вучоных заняткаў.

Нехлюдаў абяцаў паспрабаваць зрабіць усё магчымае, калі будзе ў Пецербургу.

Сваю гісторыю Вера Ефрэмаўна расказала так, што яна, скончыўшы акушэрскія курсы, зышлася з партыяй народавольцаў і працавала з імі. Спачатку ішло ўсё добра, пісалі пракламацыі, прапагандавалі на фабрыках, але потым схапілі адну выдатную асобу, захапілі паперы і пачалі ўсіх браць.

— Узялі і мяне, і вось цяпер высылаюць… — скончыла яна сваю гісторыю. — Але гэта нічога. Я адчуваю сябе вельмі добра, самапачуццё алімпійскае, — сказала яна і ўсміхнулася жаласнай усмешкай.