Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/202

Гэта старонка не была вычытаная

больш злосным, — гэткія вялікія былі намаганні, якія ён рабіў, каб не заразіцца матчыным пачуццём. А маці, пачуўшы, што трэба развітвацца, лягла яму на плячо і рыдала, сапучы носам. Дзяўчына з барановымі вачамі — Нехлюдаў мімаволі сачыў за ёю — стаяла перад маці, якая рыдала, і нешта заспакойваючы гаварыла ёй. Стары ў сініх акулярах, стоячы, трымаў за руку сваю дачку і ківаў галавой на тое, што яна гаварыла. Маладыя закаханыя ўсталі і трымаліся за рукі, моўчкі гледзячы адзін аднаму ў вочы.

— Вось гэтым адным весела, — сказаў, паказваючы на закаханую парачку, малады чалавек у кароткай жакетцы, стоячы каля Нехлюдава, таксама, як і ён, гледзячы на тых, што развітваліся.

Адчуваючы на сабе погляды Нехлюдава і маладога чалавека, закаханыя — малады чалавек у гутаперчавай куртцы і бялявая прыгожая дзяўчына — выцягнулі счэпленыя рукі, захіліліся назад, і смеючыся пачалі кружыцца.

Сёння ўвечары жэняцца тут, у турме, і яна з ім ідзе ў Сібір, — сказаў малады чалавек.

— Ён што-ж?

— Катаржны. Хаця яны павесяляцца, а то надта ўжо балюча слухаць, — дадаў малады чалавек у жакетцы, прыслухоўваючыся да рыданняў маткі сухотнага.

— Панове! Калі ласка, калі ласка! не прымушайце мяне ўжыць захады строгасці, — гаварыў сматрыцель, паўтараючы некалькі разоў адно і тое-ж самае. — Калі ласка, ды ну, калі ласка! — гаварыў ён слаба і нерашуча. — Што гэта? Ужо даўно пара. Гэтак-жа немагчыма. Я апошні раз кажу, — паўтараў ён панура, то закурваючы, то гасячы сваю марыландскую папяроску.

Відавочна было, што, як ні дасканалы і ні стары і прывычны былі довады, якія дазвалялі людзям рабіць зло іншым, не адчуваючы сябе за яго адказнымі, сматрыцель не мог не ўсведамляць, што ён адзін з вінавайцаў таго гора, якое праяўлялася ў гэтым пакоі; і яму, відаць, было дужа цяжка.

Урэшце зняволеныя і наведвальнікі пачалі разыходзіцца: адны праз унутраныя, другія праз знадворныя дзверы.