Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/203

Гэта старонка не была вычытаная

Прайшлі мужчыны — у гутаперчавых куртках, і сухотны, і чорны калматы; пайшла і Мар‘я Паўлаўна з хлопчыкам, што нарадзіўся ў турме.

Пачалі выходзіць і наведвальнікі. Пайшоў цяжкою хадою стары ў сініх акулярах, за ім пайшоў і Нехлюдаў.

— Але, дзіўныя парадкі, — нібы прадаўжаў перапыненую размову гаваркі малады чалавек, спускаючыся з Нехлюдавым разам са сходак. — Дзякаваць трэба, што капітан — добры чалавек, не трымаецца правілаў. Усе пагавораць — адпачнуць душою.

— Хіба ў іншых турмах няма гэткіх спатканняў?

— І-і! Нічога падобнага. Але ці жадаеце па аднаму, ды яшчэ праз краты.

Калі Нехлюдаў, размаўляючы з Медынцэвым — гэтак адракамендаваў сябе гаваркі малады чалавек, — сышоў у сенцы, да іх падышоў з стомленым выглядам сматрыцель.

— Так, калі хочаце бачыць Маславу, дык калі ласка заўтра, — сказаў ён, відавочна жадаючы быць ветлівым з Нехлюдавым.

— Вельмі добра, — сказаў Нехлюдаў і паспяшыў выйсці.

Жахлівымі былі, відавочна, нявінныя пакуты Меншова — і не гэтак яго фізічныя пакуты, як тое неўразуменне, тая недаверлівасць да дабра і да бога, якія ён павінен быў адчуваць, бачачы жорсткасць людзей, што без дай прычыны мучылі яго; жахліва была ганьба і пакуты, накладзеныя на гэтыя сотні ні ў чым невінаватых людзей толькі таму, што ў паперы не гэтак напісана; жахлівы гэтыя адурэлыя надзірацелі, занятыя мучаннем сваіх братоў і ўпэўненыя, што яны робяць і добрую і карысную справу. Але жахлівейшым за ўсё здаўся яму гэты стараваты і слабы здароўем і добры сматрыцель, які павінен разлучаць маці з сынам, бацьку з дачкой — дакладна гэткіх самых-жа людзей, як ён сам і яго дзеці.

„Навошта гэта?“ запытаў сябе Нехлюдаў, перажываючы цяпер у вышэйшай ступені тое пачуццё маральнай моташнасці, якая пераходзіла ў фізічную моташнасць, якую заўсёды адчуваў у турме, і не знаходзіў адказу.