Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/207

Гэта старонка не была вычытаная

— C‘est excellent[1] — гэта вафелькі, і лёгка. Падайце яшчэ сюды.

— Што-ж, хутка едзеце?

— Ды ўжо сёння апошні дзень. Таму мы і прыехалі.

— Такая цудоўная вясна, так хораша цяпер у вёсцы!

Місі ў капелюшы і нейкім цмяна-паласатым плацці, якое без складак ахоплівала яе тонкі стан, быццам яна радзілася ў гэтым плацці, была вельмі прыгожай. Яна пачырванела, убачыўшы Нехлюдава.

— А я думала, што вы паехалі, — сказала яна яму.

— Амаль паехаў, — сказаў Нехлюдаў. — Справы затрымліваюць. Я і сюды прыехаў па справе.

— Заязджайце да мамà. Яна вельмі хоча вас бачыць, — сказала яна і, адчуваючы, што яна хлусіць, і ён разумее гэта, пачырванела яшчэ больш.

— Бадай не паспею, — панура адказаў Нехлюдаў, стараючыся зрабіць выгляд, што не заўважыў, як яна пачырванела.

Місі сярдзіта нахмурылася, павяла плячыма і звярнулася да элегантнага афіцэра, які падхапіў у яе з рук пустую чашку, чапляючы шабляй за крэсла, мужна перанёс яе на другі стол.

— Вы павінны таксама афяраваць на прытулак.

— Але я і не адмаўляюся, але хачу зберагчы ўсю сваю шчодрасць да алегры. Там я выкажу сябе ўжо на ўсю сілу.

— Ну, глядзіце! — пачуўся яўна ненатуральна вясёлы голас.

Прыймовы дзень быў бліскучы, і Анна Ігнац‘еўна была ў захапленні.

— Мне Міка гаварыў, што вы заняты ў турмах. Я вельмі разумею гэта, — гаварыла яна Нехлюдаву. — Міка (гэта быў яе тоўсты муж, Масленнікаў) можа мець і іншыя недахопы, але вы ведзеце, які ён добры. Усе гэтыя няшчасныя зняволеныя — яго дзеці. Ён інакш не глядзіць на іх. Il est d‘une bonte…[2].

  1. Надзвычайна добра.
  2. Ён такі добры.