Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/208

Гэта старонка не была вычытаная

Яна спынілася, не знайшоўшы слоў, якія маглі-б выкаваць bonte таго яе мужа, па загаду якога секлі людзей, і адразу-ж, усміхаючыся, звярнулася да старой зморшчанай бабулі ў ліловых бантах, якая ўваходзіла ў пакой.

Пагаварыўшы, колькі патрэбна было, і так беззмястоўна, як таксама патрэбна было для таго, каб не парушыць прыстойнасці, Нехлюдаў устаў і падышоў да Масленнікава.

— Так, калі ласка, можаш ты мяне выслухаць?

— Ах, праўда! Ну што-ж? Хадзем сюды.

Яны ўвайшлі ў маленькі японскі габінецік і селі ля акна.


LVIII

— Ну, je suis à vous[1]. Хочаш курыць? Толькі пачакай, як-бы нам тут не папсаваць, — сказаў ён і прынёс попельніцу. — Ну-с?

— Я да цябе з двума справамі.

— Вось як.

Твар Масленнікава зрабіўся панурым і сумным. Усе сляды таго ўзрушэння сабачкі, у якога гаспадар пачасаў за вушамі, прайшлі без следу. З гасцінай даносіліся галасы. Адзін жаночы гаварыў: „jamais, jamais je ne croirais“[2], а другі, з іншага боку, мужчынскі, нешта расказваў, усё паўтараючы: і „la comtesse Voronzoff i Victor Apraksine“[3]. З трэцяга боку чуўся толькі гул галасоў і смех. Масленнікаў прыслухоўваўся да таго, што рабілася ў гасцінай, слухаў і Нехлюдава.

— Я зноў пра тую самую жанчыну, — сказаў Нехлюдаў.

— Але, нявінна засуджаная. Ведаю, ведаю.

— Я прасіў-бы перавесці яе служанкай у больніцу. Мне казалі, што гэта можна зрабіць.

Масленнікаў сціснуў губы і задумаўся.

— Бадай ці можна, — сказаў ён. — Але-ж я параюся і заўтра тэлеграфую табе.

  1. Я ў тваім распараджэнні.
  2. Ніколі, ніколі не паверу.
  3. Графіня Варанцова і Віктар Апраксін.