Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/209

Гэта старонка не была вычытаная

— Мне казалі, што там шмат хворых, і патрэбны памочніцы.

— Ну, так, ну так. Ва ўсякім выпадку я паведамлю цябе.

— Калі ласка, — сказаў Нехлюдаў.

З гасцінай пачуўся агульны і нават натуральны смех.

— Гэта ўсё Віктар, — сказаў Масленнікаў, усміхаючыся: — ён надзвычай жартуе, калі бывае ў гуморы.

— А яшчэ, — сказаў Нехлюдаў: — цяпер у турме сядзяць 130 чалавек толькі за тое, што іхнія пашпарты пратэрмінаваны. Іх трымаюць месяц тут.

І ён расказаў прычыны, з-за якіх іх трымаюць.

— Як-жа ты даведаўся пра гэта? — запытаў Масленнікаў, і на твары яго раптам выказаліся неспакой і незадавальненне.

— Я хадзіў да падсуднага, і мяне ў калідоры абступілі гэтыя людзі і прасілі…

— Да якога падсуднага ты хадзіў?

— Селянін, які нявінна абвінавачваецца і да якога я запрасіў адваката. Але не ў гэтым справа. Няўжо гэтыя людзі, ні ў чым не вінаватыя, знаходзяцца ў турме толькі за тое, што тэрмін іхніх пашпартоў прапушчаны і…

— Гэта справа пракурора, — з прыкрасцю перабіў Масленнікаў Нехлюдава. — Вось ты гаворыш: суд хуткі і правільны. Абавязак таварыша пракурора — наведваць турму і даведвацца, ці законна трымаюць зняволеных. Яны нічога не робяць: гуляюць у вінт.

— Дык ты нічога не можаш зрабіць? — панура сказаў Нехлюдаў, успамінаючы словы адваката аб тым, што губернатар будзе звальваць на пракурора.

— Не, я зраблю. Я даведаюся зараз.

— Для яе-ж горш. C‘est un souffre-douleur[1], — чуўся з гасцінай голас жанчыны, відаць зусім абыякавай да таго, што яна казала.

— Тым лепш, я і гэту вазьму, — чуўся з другога боку ігрывы голас мужчыны і ігрывы смех жанчыны, якая нешта не давала яму.

  1. Гэта пакутніца.