Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/212

Гэта старонка не была вычытаная

на сваю добрадушнасць, сматрыцель быў стрыманей, чым раней, з Нехлюдавым; відаць, размовы з Масленнікавым мелі вынікам прадпісанне трымацца больш асцярожна з гэтым наведвальнікам.

— Бачыцца можна, — сказаў ён, — толькі, калі ласка, наконт грошай, як я прасіў вас… А што датычыцца пераводу яе ў больніцу, як пісала яго сіяцельства, дык гэта можна, і доктар згодзен. Толькі яна сама не хоча, гаворыць: „вельмі мне трэба за паскуднікамі гаршкі выносіць…“ Гэта-ж, князь, такі народ, — дадаў ён.

Нехлюдаў нічога не адказваў і папрасіў дапусціць яго да спаткання. Сматрыцель паслаў надзірацеля, і Нехлюдаў увайшоў за ім у пусты пакой для наведвальнікаў жаночага аддзялення.

Маслава ўжо была там і вышла з-за кратаў ціхая і палахлівая. Яна блізка падышла да Нехлюдава і, гледзячы міма яго, ціха сказала:

— Даруйце мне, Дзмітрый Іванавіч, я не добра гаварыла пазаўчора.

— Не мне дараваць вам… — пачаў было Нехлюдаў.

— Але ўсё-ж такі вы пакіньце мяне, — дадала яна, і ў страшна скасіўшыхся вачах, якімі яна зірнула на яго, Нехлюдаў прачытаў зноў напружаны і злы выраз.

— Навошта-ж мне пакідаць вас?

— Ды ўжо так.

— Чаму так?

Яна зірнула на яго зноў тым самым, як яму здалося, злым поглядам.

— Ну, дык вось што, — сказала яна. — Вы мяне пакіньце, гэта я вам правільна кажу. Не магу я. Вы гэта зусім пакіньце, — сказала яна дрыжачымі губамі і замаўчала. — Гэта праўда. Лепей павешуся.

Нехлюдаў адчуваў, што ў гэтай адмове яе была нянавісць да яго, недараваная крыўда, але было нешта і іншае — добрае і важнае. Гэтае ў зусім спакойным становішчы сцвярджэнне сваёй ранейшай адмовы адразу знішчыла ў душы Нехлюдава ўсе яго сумненні і вярнула яго да ранейшага сур‘ёзнага, урачыстага і расчуленага настрою.