Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/213

Гэта старонка не была вычытаная

— Кацюша, як я казаў, гэтак і кажу, — вымавіў ён асабліва сур‘ёзна. — Я прашу цябе выйсці за мяне замуж. Калі-ж ты не хочаш, і пакуль не хочаш, я, таксама як і раней буду там, дзе ты будзеш, і паеду туды, куды цябе павязуць.

— Гэта ваша справа, я больш гаварыць не буду, — сказала яна, і зноў губы яе задрыжэлі.

Ён таксама маўчаў, адчуваючы, што не мае сілы гаварыць.

— Я цяпер еду ў вёску, а потым паеду ў Пецербург, — сказаў ён, нарэшце аправіўшыся. — Буду хадайнічаць па вашай, па нашай справе, і, бог дасць, адменяць прысуд.

— І не адменяць — усё-адно. Я не за гэта, дык за іншае таго варта… — сказала яна, і ён бачыў, як яна напружвала ўсе сілы, каб не заплакаць. — Ну, што-ж, бачылі Меншова? — запытала яна раптам, каб захаваць сваё хваляванне. — Праўда-ж, што яны не вінаваты?

— Але, я думаю.

— Гэткая цудоўная бабулька, — сказала яна.

Ён расказаў ёй усё, што даведаўся ад Меншова, і запытаў, ці не трэба ёй чаго-небудзь; яна адказала, што нічога не трэба.

Яны зноў памаўчалі.

— Ну,а наконт больніцы, — раптам сказала яна, зірнуўшы на яго сваім косым поглядам, — калі вы хочаце, я пайду і віна таксама не буду піць…

Нехлюдаў моўчкі паглядзеў ёй у вочы. Вочы яе ўсміхаліся.

— Гэта вельмі добра, — толькі мог сказаць ён і развітаўся з ёю.

„Так, так, яна зусім іншы чалавек“, — думаў Нехлюдаў, адчуваючы пасля ранейшых сумненняў зусім новае, ніколі не перажыванае ім пачуццё ўпэўненасці ў непераможнасці кахання.


Вярнуўшыся пасля гэтага спаткання ў сваю смуродную камеру, Маслава скінула халат і села на сваё месца на нары, зпусціўшы рукі на калені. У камеры былі толькі: сухотная