Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/214

Гэта старонка не была вычытаная

владзімірская з грудным дзіцёнкам, старая Меншова і вартаўніца з двума дзецьмі. Дзякаву дачку ўчора прызналі вар‘яткай і накіравалі ў больніцу. Астатнія-ж усе жанчыны мылі бялізну. Бабулька ляжала на нарах і спала; дзеці былі ў калідоры, дзверы ў які былі адчынены. Владзімірская з дзіцёнкам на руках і вартаўніца з панчохай, якую яна не пакідала вязаць хуткімі пальцамі, падышлі да Маславай.

— Ну, што, пабачыліся? — запыталі яны.

Маслава, не адказваючы, сядзела на высокіх нарах, боўтаючы нагамі, якія не даставалі падлогі.

— Чаго зажурылася? — сказала вартаўніца. — Галоўнае, не журыся. Эх, Кацюха! Ну! — сказала яна, хутка варушачы пальцамі.

Маслава не адказвала.

— А нашы мыць пайшлі. Казалі, сёння міласціна вялікая. Нанасілі многа, кажуць, — сказала владзімірская.

— Фінашка! — закрычала вартаўніца ў дзверы. — Куды, непаседа, забег.

І яна выняла адну спіцу і, утыркнуўшы яе ў клубок і панчоху, пайшла ў калідор.

У гэты час пачуўся шум крокаў і жаночая гамонка ў калідоры, і жыхары камеры ў котах на босыя ногі ўвайшлі ў яе, кожная несучы па калачу, а некаторыя і па два. Фядос‘я адразу-ж падышла да Маславай.

— Што-ж, хіба нядобрае што? — запытала Фядос‘я, сваімі яснымі блакітнымі вачамі з замілаваннем гледзячы на Маславу. — А вось нам к чаю, — і яна пачала складаць калачы на паліцу.

— Што-ж, хіба раздумаў жаніцца? — сказала Караблёва.

— Не, не раздумаў, але я не хачу, — сказала Маслава, — Так і сказала.

— Вось і дура! — сказала сваім басам Караблёва.

— Што-ж, калі не жыць разам, навошта жаніцца? — сказала Фядос‘я.

— Ды вось твой муж ідзе-ж з табой, — сказала вартаўніца.

— Што-ж, мы з ім па закону, — сказала Фядос‘я. — А яму навошта закон прымаць, калі не жыць?