Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/217

Гэта старонка не была вычытаная

даў ведаў гэта, не мог не ведаць гэтага, бо на гэтым рабстве была пабудавана гаспадарка, а ён спрыяў упарадкаванню гэтай гаспадаркі. Але мала таго, што Нехлюдаў ведаў гэта, ён ведаў і тое, што гэта было несправядліва і жорстка, і ведаў гэта з часоў студэнцтва, калі ён спаведаваў і прапаведаваў вучэнне Генры Джорджа і на падставе гэтага вучэння аддаў бацькаву зямлю сялянам, лічачы ўладанне зямлёй гэткім-жа грэхам у наш час, якім было ўладанне прыгоннікамі пяцьдзесят год перад гэтым. Праўда, што пасля ваеннай службы, калі ён прызвычаіўся пражываць каля дваццаці тысяч у год, усе гэтыя веды яго перасталі быць абавязковымі для яго жыцця, забыліся, і ён ніколі не толькі не пытаў сам сябе аб сваім дачыненні да ўласнасці і аб тым, адкуль бяруцца тыя грошы, якія яму давала маці, але стараўся не думаць пра гэта. Але смерць маці, спадчына і неабходнасць распараджацца сваёй маёмасцю, г. зн. зямлёю, зноў узнялі для яго пытанне аб яго дачыненні да зямельнай уласнасці. Месяц перад гэтым Нехлюдаў сказаў-бы сабе, што змяніць існуючы лад яму не пад сілу, што кіруе маёнткам не ён, — і больш або менш заспакоіўся-б, жывучы далёка ад маёнтка і атрымліваючы з яго грошы. Цяпер-жа ён рашыў, што, хаця ён неўзабаве маецца ехаць у Сібір і стаіць перад складанымі і цяжкімі дачыненнямі з турэмным светам, для якога неабходны грошы, ён усё-такі не можа пакінуць справу ў ранейшым становішчы, а павінен, з стратай для сябе, змяніць яго. Для гэтага ён наважыўся не абрабляць зямлю самому, а, аддаўшы яе за недарагую цану сялянам, даць ім магчымасць быць незалежнымі ад землеўласнікаў наогул. Шмат разоў параўноўваючы становішча землеўласніка з уласнікам прыгоннікаў, Нехлюдаў прыроўніваў аддачу зямлі сялянам, замест апрацоўкі яе работнікамі, да таго, што рабілі рабаўласнікі, пераводзячы сялян з прыгону на аброк. Гэта не было вырашэнне пытання, але гэта быў крок да яго вырашэння: гэта быў пераход ад больш грубай да менш грубай формы прымусу. Так ён і наважыўся зрабіць.

Нехлюдаў прыехаў у Кузмінскае блізка поўдня. Ва ўсім рабячы прасцейшым сваё жыццё, ён не тэлеграфаваў,